Сцяг Чацвер, 21 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 лістапада 2021, 09:57

Капліцу роду Скірмунтаў рэканструююць у Іванаўскім раёне

9 лістапада, Брэст /Карр. БЕЛТА/. У аграгарадку Моладава Іванаўскага раёна (Брэсцкая вобласць) рэканструююць капліцу роду Скірмунтаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры райвыканкама Валянціна Барадзінчык.

Капліцу ў форме ратонды пабудавалі ў 1905-1908 гадах па праекце віленскага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага. Сёння гэта круглая капліца ў стылі неакласіцызму - адзінае ўцалелае збудаванне ў былой сядзібе Скірмунтаў.

"Скірмунты ўнеслі сваёй дзейнасцю вялікі ўклад. На тэрыторыі цяперашняга Іванаўскага раёна яны актыўна развівалі прадпрымальніцкую справу: цагельныя заводы, суконныя фабрыкі, завод па вытворчасці цукру-рафінаду, - гэта ўсё справа іх рук. Былі актыўнымі палітычнымі дзеячамі. Наша задача - захаваць хаця б тое нямногае, што засталося ад іх спадчыны, для будучых пакаленняў", - падкрэсліла Валянціна Барадзінчык.

Першачарговая задача - захаваць капліцу ад разбурэння. Яе рэстаўрацыяй заняліся ў 2017 годзе. За гэты час удалося аднавіць купал з крыжам. Цяпер рэстаўратары працуюць з карнізам. Па меры паступлення фінансаў работы будуць прадаўжацца. Мясцовыя ўлады нацэлены абнавіць фасад будынка, потым, калі дазволяць магчымасці, правесці работы ўнутры.

На рэстаўрацыю ратонды з раённага бюджэту накіравалі больш за Br90 тыс. Прыцягвалі яшчэ Br6 тыс. са сродкаў, заробленых на рэспубліканскім суботніку. "Райвыканкам накіраваў пісьмо ў Брэсцкі аблвыканкам на дадатковае выдзяленне фінансаў для завяршэння работ па праектна-каштарыснай дакументацыі. Магчыма, будзем спрабаваць падаваць заяўку на грант фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. Хочам прывесці гістарычную каштоўнасць у парадак, каб турысты маглі яе ўключыць у свой маршрут па Іванаўскім раёне", - падвяла вынік субяседніца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі