Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 сакавіка 2019, 16:00

Хараство Палесся і Браслаўскага краю - асноўныя акцэнты выставы Уладзіміра Ткачэнкі ў Мінску

27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Персанальная выстава жывапісу Уладзіміра Ткачэнкі "Ад шасцідзесяці да сямідзесяці", якая прадстаўляе каля 50 работ апошніх гадоў, адкрыецца ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі 29 сакавіка, паведамілі БЕЛТА ў Беларускім саюзе мастакоў.

"Я даю сваю маленькую справаздачу за апошнія 10 гадоў. На жаль, абмежаванасць выставачнай плошчы запатрабавала строгага адбору работ. Таму будзе прадстаўлена крыху больш за пяць дзясяткаў карцін - гэта цыклы пейзажных работ, звязаных з Палессем і азёрным краем Браслаўшчыны. Мяне шмат гадоў уражвае навакольная мясцовасць Прыпяці, раздолле Палесся і яго дубровы. А Браслаўскія азёры я палюбіў яшчэ з часоў інстытуцкіх пленэраў. Большая частка краявідаў, прадстаўленых на выставе, напісана з натуры", - сказаў Уладзімір Ткачэнка.

Экспазіцыя "Ад шасцідзесяці да сямідзесяці" - своеасаблівае падвядзенне вынікаў пэўнага адрэзка часу, справаздача мастака, перш за ўсё перад самім сабой, і пастаноўка творчых задач на наступнае дзесяцігоддзе.

"Сузіральны стан душы, пошук колераў, хараство і трапятанне навакольнай прыроды даюць мне сілы і натхненне. Мяне хвалююць радасць і журба, драма і ціхі спакой родных краявідаў, якія я потым увасабляю на палотнах. Я ўдзячны лёсу за магчымасць займацца жывапісам, знаходзіць радасць у гэтым мастацтве. А затым часцінкай сваёй радасці дзяліцца з гледачом", - адзначыў мастак.

Выстава "Ад шасцідзесяці да сямідзесяці" будзе працаваць да 9 красавіка.

Уладзімір Ткачэнка скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, вучыўся ў мастака Анатоля Бараноўскага. З 1976 года пастаянна ўдзельнічае ў мастацкіх выставах. Член Беларускага саюза мастакоў. Працуе ў станковым жывапісе, у жанрах пейзажа, нацюрморта, партрэта. Больш за 40 гадоў кіруе студыяй выяўленчага мастацтва ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода. Сотні яго вучняў сталі прафесійнымі мастакамі. Карціны майстра знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, прыватных зборах Расіі, Германіі, Японіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі