Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 сакавіка 2022, 13:27

"Гуканне вясны": карагоды, забавы і майстар-класы праходзяць у музеі Янкі Купалы

12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інтэрактыўная праграма "Гуканне вясны" праходзіць у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове.

"Наша праграма праходзіць з 14 лютага, за гэты час у нас пабывала больш за 130 школьнікаў, а таксама да нас далучаліся студэнты Інстытута дадатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з Кітая, якім мы расказвалі пра гэта свята і яны разам з намі "гукалі вясну", - расказала старшы навуковы супрацоўнік музея Карына Рагачэўская.

У час праграмы наведвальнікам прапануецца прыгадаць увесь беларускі каляндар: адказаць, чаму месяцы на беларускай мове называюцца менавіта так і якія святы суправаджаюць беларусаў на працягу года. "Вясну прыносяць на сваіх крылах птушкі, таму мы таксама прапануем цікавую віктарыну "Пазнай галасы птушак", такім чынам можна праверыць сваё веданне птушак, якія пражываюць у Беларусі, - дапоўніла старшы навуковы супрацоўнік. - Таксама праводзім майстар-клас па вырабе птушак з паперы і сустракаем багіню вясны Лялю. Разам з ёю танцуем, гуляем у гульні".

У праграме таксама карагоды, забавы, майстар-клас па старадаўніх беларускіх танцах і гульнях, традыцыйны абрад "затанцоўвання" вясны і абавязкова спальванне чучала зімы. У канцы мерапрыемства ўсе атрымліваюць невялікі сувенір ад музея.

Праграма праходзіць толькі ў будныя дні і прадоўжыцца да канца сакавіка. Трапіць на мерапрыемства можна, патэлефанаваўшы ў музей і папярэдне запісаўшыся на інтэрактыўную праграму.

"Гуканне вясны" - адзін з самых жыццярадасных і аптымістычных беларускіх звычаяў. Пасля доўгай зімы мы чакаем прыгажуню вясну. Каб паскорыць яе прыход, і арганізуецца свята.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі