Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 кастрычніка 2020, 16:58

Галерэя Савіцкага запрашае ў фотападарожжа па планеце без віз

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фотапраект Станіслава Янчарскага "Планета без віз" адкрыецца 4 лістапада ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

"Падарожжы сталі прывычнымі, простымі і хуткімі для жыхароў зямлі, ператварыліся ў хобі і захапленні, без якіх цяжка ўявіць жыццё сучаснага чалавека. 2020 год пазбавіў людзей гэтага задавальнення новых адкрыццяў. Музей запрашае ў фотападарожжа па планеце без віз і меж у адной выставачнай зале", - адзначылі арганізатары.

У экспазіцыі сабраны каля 170 фатаграфій, знятых аўтарам у 25 краінах свету, у тым ліку Беларусі, Аргенціне, Бразіліі, Грэцыі, Італіі, В'етнаме, Ісландыі, Камбоджы, Нарвегіі, Чылі. Большая частка здымкаў зроблена ў час падарожжаў з 2014-га па 2020 год. Аўтар пабываў у 48 краінах. Многія з яго паездак гэта фотатуры.

Як адзначылі арганізатары, кожны кадр нараджаецца ў складаных умовах: горы, пустыні, вулканы, вадаспады - велічная і небяспечная прырода не кожнага падпускае блізка. Акрамя пейзажнай, прадстаўлена таксама і жанравая фатаграфія. Асобны раздзел прысвечаны Мінску.

Па суботах у падарунак ад Станіслава Янчарскага - бясплатны ўваход для ўсіх жанчын. Экспазіцыя будзе адкрыта па 6 снежня.

Станіслаў Янчарскі жыве ў Мінску з 1979 года. Мае некалькі вышэйшых адукацый: гуманітарную, тэхнічную, ваенную. Цікавіцца фатаграфіяй з юных гадоў. З'яўляецца аўтарам некалькіх кніг. Апублікаваны першы том трохтомнага выдання "Касцёлы Беларусі". Актыўна ўдзельнічае ў выставачных фотапраектах. У міжнародным конкурсе 35AWARDS Станіслаў Янчарскі ўвайшоў у лік 100 лепшых фатографаў у чорна-белай намінацыі, яго работа была апублікавана ў канчатковым каталогу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі