Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 мая 2021, 16:25

Фотавыстава "Птушкі Палесся" пройдзе ў Нацыянальнай бібліятэцы

17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фотавыстава "Птушкі Палесся" адкрыецца 19 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Выстава раскажа пра разнастайнасць і багацце беларускай прыроды. Яе галоўная мэта - прыцягнуць увагу да ўнікальных відаў птушак, нагадаць пра хараство палескага краю, а таксама звярнуць увагу на праблемы экалагічнага стану, відавой разнастайнасці і зацікавіць сучасным экалагічным хобі - бёрдвотчынгам.

"Гэта своеасаблівае падарожжа па Палессі з фатаграфіямі палескіх птушак і асяроддзя іх пражывання. Аўтары работ - беларускія фатографы Мікалай Варабей, Андрэй Шэўчык, Павел Лычкоўскі, Віктар Казлоўскі, Арцём Турлай, Васіль Федасенка і Сяргей Козак. Убачыць чорнага бусла або барадатую кугакаўку, навучыцца адрозніваць як мага больш відаў птушак, ведаць іх прывычкі і іншыя асаблівасці, палюбавацца ўнікальнай разнастайнасцю крылатых жыхароў Палесся - усё гэта можа зрабіць бёрдвотчар падчас падарожжа і наведвальнікі выставы "Птушкі Палесся", - адзначылі арганізатары.

Выстава з'яўляецца часткай праекта "Палессе - дзікая прырода без межаў", які працуе дзеля захавання дзікага асяроддзя аднаго з найвялікшых прыродных ландшафтаў Еўропы.

Арганізатары экспазіцыі - Нацыянальная бібліятэка, ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і Беларускі клуб фатографаў дзікай прыроды.

Выстава будзе працаваць да канца чэрвеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі