Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 студзеня 2022, 11:55

Фотавыстава "Паміж мінулым і будучым" рыхтуецца да адкрыцця ў Магілёве

19 студзеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. У Магілёве рыхтуецца да адкрыцця фотавыстава "Паміж мінулым і будучым", прымеркаваная да 50-гадовага юбілею народнага фотаклуба "Вясёлка". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла аўтар і арганізатар праекта, фотамастак і журналіст Ірына Савосіна.

"Мы з павагай і ўдзячнасцю ўспамінаем мінулае і ўпэўнена глядзім у будучае, у гэтым і ёсць асноўны тэматычны пасыл новай фотавыставы, - сказала Ірына Савосіна. - Яна аб'яднала 112 работ 56 аўтараў, членаў народнага фотаклуба "Вясёлка". Тут ёсць здымкі як маладых і сучасных фатографаў, так і класікаў магілёўскай фатаграфіі - тых, хто стаяў ля вытокаў народнага клуба: Адама Рагоўскага, Зіновія Шэгельмана, Паўла Цішкоўскага".

На выставе таксама прадстаўлены здымкі аднаго з заснавальнікаў беларускай рэпартажнай фатаграфіі Мікалая Жалудовіча, які з 30 гадоў журналісцкага стажу 25 прысвяціў рабоце ў БЕЛТА. Акрамя таго, у экспазіцыю ўвайшлі і рэпартажныя работы фотакарэспандэнта БЕЛТА Алега Файніцкага. Што датычыцца работ Ірыны Савосінай, на выставе будуць прадстаўлены здымкі "Вячэрняе святло" і "Прычал", зробленыя ў Пячэрскім лесапарку ў Магілёве. Апошнія гады яна тут шмат здымала і натхнялася прыгажосцю гэтай мясціны.

"Ад кожнага аўтара на юбілейнай экспазіцыі будзе прадстаўлена па 2 здымкі, - удакладніла Ірына Савосіна. - Іх выбіралі калегіяльна: арганізатары праекта пастараліся падабраць падобныя па стылі і настроі работы. Хацелася прадставіць яркія і цікавыя здымкі, у якіх адлюстроўваецца сам аўтар, яго светаўспрыманне. У цэлым зададзеная лінія вытрымана. Дарэчы, палавіну фотавыставы складаюць чорна-белыя здымкі. Усе фатаграфіі нанава надрукаваны і аформлены ў адным стылі, таму падборка работ за ўсю гісторыю існавання клуба выглядае прыгожа і цэласна".

Фотаклуб "Вясёлка" створаны ў Магілёве ў 1972 годзе, праз 4 гады яму першаму ў Беларусі прысвоена званне "народны". Дзякуючы гэтаму прафесійнаму аб'яднанню Магілёў стаў цэнтрам прыцяжэння фатографаў з усяго СССР. Тут праводзіліся маштабныя фотавыставы і творчыя сустрэчы, мясцовыя майстры актыўна ўдзельнічалі ў міжнародных фотасалонах і задавалі тон фотаруху блізкага і далёкага замежжа. 26 студзеня гэтага года клуб адсвяткуе свой 50-гадовы юбілей.

Адкрыццё юбілейнай выставы адбудзецца 19 студзеня ў 17.00 у выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва па вул. Болдзіна, 1. Яе можна будзе ўбачыць да 12 лютага.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі