Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 студзеня 2019, 11:07

Факсімільнае выданне "Буквара" перададуць у бібліятэкі Гомельскай вобласці

22 студзеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Прэзентацыя факсімільнага выдання першага "Буквара" адбудзецца 23 студзеня ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І.Леніна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове.

Прэзентацыю прымеркавалі да 400-годдзя выхаду ў свет першага "Буквара", які быў выдадзены ў 1618 годзе ў друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва Святога Духа ў Еўі. "Факсіміле, падрыхтаванае спецыялістамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, уключае поўнакаляровае высакаякаснае выданне "Буквара" памерам з арыгінал, пераклад на сучасную мову, вынікі гісторыка-культурнага даследавання. Выданне раскрывае значнасць і ўнікальнасць друкаванага помніка і прызначана садзейнічаць папулярызацыі лепшых узораў кніжнай культуры беларускага народа, захаванню яго духоўнай спадчыны", - расказалі ў бібліятэцы.

На прэзентацыі эксперты раскажуць аб рабоце над факсімільным выданнем, таксама ў праграме творчыя выступленні.

Факсімільнае выданне будзе перададзена ў дар у абласную, цэнтральныя раённыя бібліятэкі, музеі рэгіёна, у тым ліку і Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Таксама кнігі папоўняць фонды абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, некаторых устаноў адукацыі і г. д. - усяго 42 камплекты. У Гомельскай абласной бібліятэцы выданне плануюць размясціць у музеі рэдкай кнігі і славянскай бібліятэцы.

Арганізатарамі мерапрыемства з'яўляюцца Нацыянальная бібліятэка Беларусі, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама, абласная ўніверсальная бібліятэка імя У.І.Леніна.

Першаму ў свеце "Буквару", які выдалі беларусы, у 2018 годзе споўнілася 400 гадоў. Кніга выйшла на 52 лістах у кішэнным фармаце. У "Буквары" размешчаны славянскі алфавіт, прыклады складоў з двух і трох літар, простыя словы на царкоўнаславянскай мове, пералік знакаў прыпынку, лічбаў (у кірылічнай традыцыі), а таксама асновы граматыкі і тэксты для чытання, якія ўключаюць рэлігійныя гімны, малітвы, запаведзі, пропаведзі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі