16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Карціну 81-гадовага брытанскага мастака Дэвіда Хокні "Партрэт мастака (Басейн з двума фігурамі)" прадалі на аўкцыёне Christie's у Нью-Ёрку за рэкордныя $90,3 млн. Такім чынам, Дэвід Хокні стаў самым дарагім з сучасных мастакоў, паведамляе ВВС.
Раней тытул самага дарагога мастака быў у 63-гадовага амерыканца Джэфа Кунса, чыя "Сабака з паветраных шароў (аранжавая)" была прададзена на аўкцыёне Christie's у 2013 годзе за $58 млн.
Сустаршыня дэпартамента пасляваеннага і сучаснага мастацтва Christie's Алекс Ротэр назваў "Басейн з двума фігурамі" адным з найвялікшых шэдэўраў сучаснай эпохі. "Гэта адна з тых унікальных сітуацый, калі ўсе - крытыкі, гісторыкі і прадстаўнікі рынку - згаджаюцца, што гэта карціна, якую выбралі б 9 чалавек з 10", - сказаў ён.
Дэвід Хокні - адзін з найбольш значных мастакоў XX стагоддзя і адзін з ключавых прадстаўнікоў брытанскага поп-арту 1960-х гадоў. Яго карціна "Партрэт мастака (Басейн з двума фігурамі)" была напісана ў 1972 годзе. Сюжэт карціны з'явіўся ў 1971 годзе пасля таго, як мастак на падлозе сваёй лонданскай студыі супаставіў дзве фатаграфіі. "На адной быў чалавек, які плыве пад вадой, і, такім чынам, даволі скажоны, а на другой - хлопчык, які глядзеў на нешта на зямлі. Ідэя намаляваць дзве фігуры ў розных стылях мне так спадабалася, што я неадкладна ўзяўся за работу", - прыводзяцца ўспаміны Дэвіда Хокні на сайце Christie's.-0-