Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 снежня 2020, 17:47

ДАСЬЕ: Да 150-годдзя з дня нараджэння мастака Фердынанда Рушчыца

У гэтым годзе спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння выдатнага мастака, тэатральнага дэкаратара і педагога Фердынанда Рушчыца.

Фердынанд Эдуардавіч Рушчыц нарадзіўся 10 снежня 1870 года ў вёсцы Багданава Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Валожынскі раён Мінскай вобласці) у шляхецкай сям'і. Дзіцячыя і юнацкія гады мастака прайшлі ў Мінску. Тут ён вучыўся ў Мінскай класічнай гімназіі, якую скончыў з залатым медалём.

Восенню 1890 года пасля заканчэння гімназіі па волі бацькі Фердынанд паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага Імператарскага ўніверсітэта і адначасова як вольны слухач наведваў Імператарскую Акадэмію мастацтваў. Пасля двух гадоў вучобы на юрыста ён пакінуў універсітэт і здаў конкурсны экзамен у Акадэмію мастацтваў.

Тут вучыўся ў такіх знакамітых рускіх мастакоў, як Іван Шышкін і Архіп Куінджы. Для ўдасканалення мастацкага майстэрства ў гэты перыяд Фердынанд Рушчыц наведаў Крым, пабываў у Швецыі і Германіі, зрабіў трохмесячную паездку па Заходняй Еўропе. У 1897 годзе скончыў акадэмію, атрымаўшы званне мастака.

Росквіт творчай кар'еры Рушчыца звязаны з яго вяртаннем у радавы маёнтак у Багданава пасля заканчэння вучобы ў Пецярбургу. Тут у 1898 годзе мастак пачаў працаваць над адным са сваіх самых знакамітых палотнаў - "Зямля", якое сёння захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Сапраўдным прызнаннем жывапіснага таленту Фердынанда Рушчыца стала тое, што ў 1898 годзе яго карціну "Млын зімою" купіў вядомы расійскі калекцыянер-мецэнат Сава Марозаў.

Родныя мясціны заўсёды былі крыніцай таленту і натхнення мастака. Яшчэ ў час вучобы ў акадэміі ён прыязджаў сюды кожны год на эцюды. Тут Фердынанд Рушчыц напісаў адны са сваіх самых вядомых палотнаў: "Балада", "Каля касцёла", "Стары дом", "Зімовая казка", "Пустка", "Былое" і інш.

У пачатку XX стагоддзя мастак на некаторы час пакінуў родны маёнтак. У 1904-1907 гадах Фердынанд Рушчыц выкладаў жывапіс у Школе прыгожых мастацтваў у Варшаве. У 1907-1908 гадах узначальваў кафедру пейзажу Кракаўскай акадэміі прыгожых мастацтваў.

У 1908 годзе ён вярнуўся на радзіму, аднак перыядычна жыў у Вільні, дзе меў сваю майстэрню. Майстэрства Рушчыца-каларыста дасягнула свайго найвышэйшага росквіту ў інтэр'ерах багданаўскага маёнтка, замалёўках і эцюдах "У пакоях", "Бледнае сонца", "Мастак", "Зіма".

З 1909 года Рушчыц актыўна працаваў у Вільні як кніжны графік і тэатральны мастак. Кніжная графіка ў творчасці майстра займала асаблівае месца. Ніводнае значнае выданне не абыходзілася без яго ўдзелу: ён маляваў вокладкі, афармляў афішы, паштовыя і разліковыя маркі, медалі, пячаткі, эмблемы. Фердынанд Рушчыц ілюстраваў і аформіў больш за пяцьдзясят кніг, сярод іх - даведнік па Вільні Юліуша Клоса. Ён таксама з'яўляецца аўтарам дэкарацый для 15 тэатральных пастановак, уключаючы "Баладыну" Юльюша Славацкага, "Вяселле" і "Лістападаўскую ноч" Станіслава Выспянскага.

Фердынанд Рушчыц прымаў удзел у рэстаўрацыі капэлы абраза Божай Маці Вастрабрамскай, быў у камітэце па ўзвядзенні помнікаў Адаму Міцкевічу і Станіславу Манюшку ў Вільні, пісаў артыкулы пра помнікі даўніны Вільні.

У 1919-1932 гадах Фердынанд Рушчыц прадоўжыў сваю педагагічную дзейнасць. Мастак прымаў удзел у арганізацыі аддзялення прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта і стаў яго першым дэканам. У гэты ж перыяд ён ствараў тэатральныя дэкарацыі для Віленскага тэатра.

У 1921 годзе Фердынанд Рушчыц стаў арганізатарам першай афіцыйнай выставы польскіх мастакоў у Гран-Пале ў Парыжы, у сувязі з гэтым ён быў удастоены ордэна Ганаровага легіёна.

Шмат зрабіў мастак у пачатку 1930-х гадоў на пасадзе старшыні Камісіі па ахове помнікаў старажытнасці. Ён наведаў Крэва, Мір, Ліду і іншыя гістарычныя мясціны, пакінуў бясцэнныя па сваёй значнасці замалёўкі.

Апошнія гады жыцця мастака былі вельмі цяжкімі. У 1932 годзе ў Фердынанда Рушчыца здарыўся прыступ паралічу, у выніку якога ў яго адняло мову і ён страціў рухомасць правай рукі, але мастак прадаўжаў працаваць. Памёр Фердынанд Рушчыц у 1936 годзе ў Багданаве, пахаваны на мясцовых могілках.

Памяць пра знакамітага мастака захоўваюць у многіх краінах, з якімі былі звязаны яго жыццё і творчасць. У Мінску ў яго гонар названа вуліца і ўстаноўлена мемарыяльная дошка, у Польшчы і Літве імя Фердынанда Рушчыца прысвоена месцам, дзе ён жыў і працаваў. На малой радзіме мастака, у Багданаве, яго імем названа вуліца, тут штогод праводзіцца міжнародны дзіцячы пленэр "Зямля і неба Фердынанда".

Да 150-годдзя з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" ў серыі "Мастакі зямлі беларускай" выпусціла ўнікальнае выданне - фотаальбом "Зямля і неба Фердынанда Рушчыца" пра жыццё і творчасць выдатнага беларускага мастака, графіка, тэатральнага дэкаратара і педагога, яркага прадстаўніка рэалістычнага напрамку ў выяўленчым мастацтве.

5 лістапада гэтага года ў паштовым салоне "Белпошты" адбылося гашэнне паштовай маркі да 150-годдзя з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца. У цырымоніі прыняў удзел міністр замежных спраў, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Макей.

23 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстава "Фердынанд Рушчыц (1870-1936). Да 150-годдзя з дня нараджэння мастака". На выставе прадстаўлены таксама работы мастакоў з акружэння Рушчыца. Адзін з раздзелаў прысвечаны вучням майстра - выдатным беларускім мастакам Пятру Сергіевічу і Міхаілу Сеўруку. Экспазіцыю дапоўнілі творы сучасных аўтараў.

Да нядаўняга часу ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея была толькі адна работа мастака - "Каля касцёла" 1899 года. У лістападзе 2019-га пры садзейнічанні ганаровага консула Беларусі ў Лазане Андрэя Нажэскіна былі набыты і перададзены ў дар музею яшчэ тры жывапісныя работы ранняга перыяду творчасці Фердынанда Рушчыца. Убачыць экспанаты можна па 13 студзеня 2021 года.

Фердынанд Рушчыц - яркі прадстаўнік сімвалізму ў мастацтве, які злучыў традыцыі нацыянальнага жывапісу і заходнееўрапейскія тэндэнцыі, стаяў ля вытокаў фарміравання рэгіянальнага (віленскага, або заходнебеларускага) мастацтва першай трэці XX стагоддзя, ключавая фігура мастацкага жыцця рэгіёна ў міжваенны перыяд. Творчая спадчына мастака і сёння прыцягвае ўвагу высокім прафесіяналізмам і шматграннасцю таленту. 150-годдзе з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца ўнесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА, што сведчыць аб прызнанні ўнікальнага таленту мастака ва ўсім свеце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі