Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
30 кастрычніка 2020, 13:06

ДАСЬЕ: Да 115-годдзя народнага мастака Беларусі Андрэя Бембеля

У гэтым годзе спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі скульптара Андрэя Бембеля.

Андрэй Ануфрыевіч Бембель нарадзіўся 30 кастрычніка 1905 года ў Веліжы Віцебскай губерні (цяпер Смаленская вобласць Расіі). Яго бацька, Ануфрый Емяльянавіч Бембель, служыў у павятовым казначэйстве бухгалтарам. Маці, Стэфаніда Дзмітрыеўна, займалася хатняй гаспадаркай.

У Веліжы Бембель атрымаў пачатковую адукацыю ў мужчынскай гімназіі, дзе і звярнулі ўвагу на яго малюнкі. Вялікае значэнне для выбару жыццёвага шляху Андрэя Бембеля стала сустрэча з вядомым беларускім скульптарам Міхаілам Керзіным, які выкладаў у Веліжскай мастацкай школе, а затым у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, дзе і вучыўся будучы мастак.

У 1931 годзе Андрэй Бембель скончыў Ленінградскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Ільі Рэпіна. Там ён вучыўся ў Роберта Баха, Васіля Сіманава, Мацвея Манізера.

Андрэй Бембель адносіцца да ліку рэдкіх мастакоў, майстэрства якіх было ацэнена ў самым пачатку творчага шляху. Яшчэ ў студэнцкія гады ён выбраў адзін з самых складаных відаў скульптуры - барэльеф.

У 1931 годзе Андрэй Бембель вярнуўся ў Беларусь і на першых жа выставах у Мінску, у якіх ён прымаў удзел, прадэманстраваў высокае прафесійнае майстэрства.

У 1932 годзе па праекце вядомага архітэктара Іосіфа Лангбарда ў Мінску пачалося будаўніцтва Дома ўрада, які бачыўся дойліду як грандыёзны архітэктурна-скульптурны комплекс з самымі разнастайнымі формамі скульптуры і жывапісу. На чале з Міхаілам Керзіным многія мастакі ўдзельнічалі ў стварэнні скульптурных партрэтаў, якія былі ўстаноўлены на лесвічных маршах. Андрэй Бембель стварыў бюст Міхаіла Фрунзэ і вялікі гарэльефны фрыз для залы пасяджэнняў Дома ўрада.

Сярод вядомых работ скульптара гарэльефы ў глядзельнай зале Дома афіцэраў у Мінску. У тыя ж гады былі створаны і барэльефы ў глядзельных залах тэатраў оперы і балета Беларусі і Першага беларускага дзяржаўнага (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) у Мінску. У гэтых творах Бембель праявіў сябе як сталы майстар з яркай творчай індывідуальнасцю.

Паспяхова працаваў Андрэй Бембель і ў манументальнай скульптуры. Яшчэ ў 1930-я гады ён удзельнічаў у конкурсе на стварэнне для гарадоў Беларусі помнікаў вядомых гістарычных дзеячаў. За серыю скульптурных работ у 1938 годзе Бембелю было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Ён прымаў удзел у афармленні цэнтральнага рэльефу аванзалы павільёна Беларусі на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве ў 1939 годзе.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Бембель быў у радах дзеючай Чырвонай Арміі. У жніўні 1941 года яго накіравалі ў кароткатэрміновую Ваенную інжынерную школу ў Растоў-Яраслаўскі. Пасля заканчэння школы ён быў накіраваны выкладчыкам спецыяльных курсаў малодшых лейтэнантаў інжынерных войскаў. Андрэй Бембель быў намеснікам камандзіра роты ў 6-м асобным інжынерным палку. У 1943 годзе быў адкліканы ў Беларускі штаб партызанскага руху ў ліку іншых вядомых мастакоў для прапагандысцкай работы. Тут ён і стварыў свой першы і галоўны твор ваенных гадоў - кампазіцыйны партрэт Героя Савецкага Саюза Мікалая Гастэлы, адзін з лепшых у партрэтнай скульптуры. У гэтыя гады ён працаваў таксама над праектам помніка героям Сталінграда, стварыў барэльеф "Беларускія партызаны", бюст беларускага партызанскага камандзіра Пятра Калініна.

7 ліпеня 1944 года разам са штабам Андрэй Ануфрыевіч вярнуўся ў вызвалены Мінск. Адной з першых значных работ мастака пасля дэмабілізацыі стаў партрэт Аляксандра Матросава. Сярод іншых яго скульптурных прац - партрэты Янкі Купалы, Паўла Малчанава, Аляксандра Блока, Івана Шамякіна, Леаніда Шчамялёва і іншыя. Большасць партрэтных работ скульптара захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

У 1952 годзе Андрэй Бембель стварыў адзін з самых вядомых сваіх помнікаў - манументальную статую Дзмітрыя Мендзялеева для хімічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта. У 1954 годзе стварыў бронзавы гарэльеф "9 мая 1945 года" для манумента Перамогі ў Мінску.

Прыхільнік манументальнага стылю ў скульптуры, майстар больш за ўсё імкнуўся да стварэння героіка-рамантычных вобразаў. Манументальныя работы сталі яго галоўнай тэмай у апошнія гады жыцця.

З імем мастака звязана стварэнне мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой". За знакаміты "Курган Славы Савецкай Арміі - вызваліцельніцы Беларусі" скульптару была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі.

Андрэй Бембель стаў адным з арганізатараў і першых выкладчыкаў Мінскага мастацкага вучылішча і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў), у якім ён, будучы з 1962 года прафесарам, многія гады загадваў кафедрай скульптуры. Педагагічны талент, метадычнае майстэрства, шырыня эрудыцыі дазвалялі яму паспяхова фарміраваць у маладых мастакоў неабходныя прафесійныя якасці, высокую грамадзянскую і актыўную жыццёвую пазіцыю. Ён даў пуцёўку ў жыццё некалькім пакаленням беларускіх скульптараў. Сярод яго вучняў - вядомыя дзеячы беларускага мастацтва Анатоль Анікейчык, Леў Гумілеўскі, Валянцін Занковіч, Іван Міско і іншыя.

Разам з творчай і педагагічнай працай Андрэй Ануфрыевіч Бембель вёў актыўную грамадскую дзейнасць. Ён выбіраўся членам ЦК КПБ, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, старшынёй праўлення Саюза мастакоў Беларусі.

У 1955 годзе Андрэй Бембель атрымаў званне народнага мастака БССР. Заслугі Бембеля ў развіцці выяўленчага мастацтва адзначаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам "Знак Пашаны", медалямі і Ганаровымі граматамі, сярэбраным медалём імя Мітрафана Грэкава.

Памёр Андрэй Ануфрыевіч у 1986 годзе, а ў 1995 годзе ў Мінску ў доме-майстэрні мастака быў створаны Музей сучаснай беларускай скульптуры імя Бембеля. На доме, дзе жыў мастак, устаноўлена мемарыяльная дошка. У 2005 годзе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь увяло ў паштовае абарачэнне мастацкі канверт з арыгінальнай маркай "100 гадоў з дня нараджэння А.А.Бембеля".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі