Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 снежня 2019, 19:06

Чакаем новых знаёмстваў і яркага свята - віцебскія студэнты пра Венскі баль

26 снежня, Віцебск /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. Студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава завяршаюць падрыхтоўку да маштабнага Венскага балю, які пройдзе ў Мінску 28 снежня. Аб сваіх чаканнях маладыя людзі расказалі карэспандэнту БЕЛТА.

Ад Віцебскай вобласці на баль у Палацы Незалежнасці паедуць студэнты ВНУ рэгіёна, а таксама кадэты полацкага і віцебскага вучылішчаў. Маладыя людзі і дзяўчаты дасягнулі поспехаў у вучобе, творчасці, спорце, грамадскай дзейнасці. Віцебскі дзяржуніверсітэт прадставяць Яўгенія Кулакова, Марыя Петнянос, Ігар Сямёнаў і Уладзіслаў Хабакоў. Студэнты на працягу некалькіх месяцаў рэпеціравалі танцы.

"Элементы развучваліся лёгка, складанасцей асаблівых не было. Цяпер такі перыяд - курсавыя, залікі, сесія пачынаецца, але дзякуючы рэпетыцыям пераключаліся на танцы, і гэта нават дапамагала ў вучобе", - гаворыць студэнт чацвёртага курса біялагічнага факультэта Ігар Сямёнаў.

Для маладых людзей удзел у такім маштабным мерапрыемстве - новы вопыт. Пасля таго, як кружыліся ў танцы на школьных выпускных, нічога падобнага не было. "Першы раз буду танцаваць на Венскім балі. З аднаго боку, эмоцыі і чаканні толькі станоўчыя. З іншага, хвалююся: трэба адпавядаць узроўню. Прыемна, што любімы ўніверсітэт даў такую магчымасць", - адзначае студэнтка юрфака Марыя Петнянос.

Паводле слоў студэнтаў, ад балю яны чакаюць новых знаёмстваў з разумнымі і таленавітымі людзьмі і яркага свята. "Такая абстаноўка, сустрэчы з равеснікамі натхняюць", - дадае Марыя.

У маладых людзей касцюмы гатовы, кашулі адпрасаваны. Дзяўчаты сёння забяруць уборы з пракату. Заўтра раніцай студэнты адправяцца ў Мінск, дзе пройдзе генеральная рэпетыцыя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі