Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 жніўня 2020, 13:49

Брэсцкі тэатр драмы абновіць сцэну да тэатральнага сезона

27 жніўня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы да новага тэатральнага сезона рэканструююць сцэну, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны мастак БАТД Мікалай Палтарака.

Будынак, дзе размяшчаецца тэатр, пабудаваны ў 1922 годзе. Яго чатыры разы рэканструявалі, апошні раз - 26 гадоў таму. "За гэты час падлога знасілася, таму што і цвікі ў яе забіваюць, і шрубы, і ўсялякія механічныя ўздзеянні аказваюць. У нас ёсць свой сімфанічны аркестр, праходзіць фестываль "Студзеньскія музычныя вечары". Рэгулярна выкатваецца раяль. У некаторых месцах ён праціснуў ужо сцэну. Таму ўзнікла неабходнасць замяніць драўлянае пакрыццё", - растлумачыў Мікалай Палтарака.

Рамонт сцэнічнай пляцоўкі ў БАТД пачалі ў пачатку месяца - як толькі трупа пайшла ў нядоўгі водпуск. Рабочыя разабралі старую падлогу, выраўнавалі бетонную сцяжку і канструкцыю паваротнага круга. У хуткім часе яны пачнуць замену паверхні планшэта сцэны.

"Усё, што на ёй было - круг, люкі, шчыты, рампа, - усё гэта будзе захавана. Галоўная задача - пакінуць дыяметр круга 9 м, як і было. І каб паміж ім і асноўнай сцэнай не было вялікага зазору - літаральна да 5 мм, а то на старой ён ужо дасягаў 2 см. У рэпертуары тэатра шмат пастановак, дзе задзейнічаны паваротны круг. Мы вельмі даражым ім. Спадзяёмся, тыдні праз два выйдзем на новую сцэну", - сказаў галоўны мастак.

Свой новы, 77-ы па ліку, тэатральны сезон трупа плануе адкрыць у другой палавіне верасня. Калектыў з нецярпеннем чакае сустрэчы з гледачом. Хутчэй за ўсё, сезон адкрыецца адным з двух прэм'ерных спектакляў БАДТ. Гэта можа быць драматычная балада паводле п'есы Аляксея Дударава "Не пакідай мяне" ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Аляксандра Казака або спектакль-сон рэжысёра Дзяніса Фёдарава паводле п'есы Дзмітрыя Багаслаўскага "Ціхі шорах адыходзячых крокаў". У новым сезоне чакаецца і прэм'ера: галоўны рэжысёр тэатра Цімафей Ільеўскі пачаў рэпетыцыі спектакля паводле рамана Аляксандра Купрына "Алеся".-0-

Фота Мікалая Палтаракі

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі