Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 кастрычніка 2021, 09:09

Брэсцкі і Гродзенскі драмтэатры абмяняюцца гастролямі

27 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы і Гродзенскі абласны драматычны тэатр абмяняюцца гастролямі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара БАДТ па інфармацыі і арганізацыі гледача Кацярына Казбяровіч.

Акцёры гродзенскага тэатра прадставяць сёння брэсцкай публіцы адну з апошніх сваіх пастановак - камедыю "Жаніцьба". Прэм'ера спектакля паводле аднайменнай п'есы Мікалая Гогаля адбылася ў ліпені. Рэжысёр Сяргей Яскевіч прапанаваў сваё прачытанне класічнага твора з арыгінальнай сцэнаграфіяй і харэаграфіяй. "Жаніцьба" - адна з першых рускіх бытавых камедый. У сатырычнай па сваім характары п'есе высмейваюцца недарэчнасць і абсурднасць некаторых сацыяльных з'яў, крывадушнасць і безадказнасць, шлюб як камерцыйная здзелка.

Гастролі трупы БАТД у Гродне запланаваны на 26 лістапада. Брастаўчане таксама прывязуць класіку - драматычную камедыю "Нявольніцы". Спектакль паставіў маскоўскі рэжысёр Ягор Равінскі, які перанёс дзеянне малавядомай п'есы Аляксандра Астроўскага ў другую палову XX стагоддзя. Спектакль - неаднаразовы ўдзельнік фестываляў. У тым ліку ў 2019 годзе "Нявольніц" двойчы паказвалі расійскаму гледачу - на XXI тэатральным фестывалі краін СНД і Балтыі "Сустрэчы ў Расіі" ў Санкт-Пецярбургу і I фестывалі Міжнароднага тэатральнага фестывальнага саюза "Тэатр. Тэрыторыя яднання" ва Уладзіміры.

"Па дамоўленасці паміж нашымі тэатрамі мы рэгулярна абменьваемся гастролямі з гродзенскімі калегамі. Стараемся знаёміць гледачоў са сваімі лепшымі пастаноўкамі. У мінулым годзе яны прывозілі да нас спектакль "Грошы як дождж". Мы ў сваю чаргу - камедыю-буф "Мяшчанскае вяселле". Паказ прайшоў з аншлагам. Спадзяюся, і ў бягучым годзе наш творчы абмен будзе мець поспех у гледача", - сказала Кацярына Казбяровіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі