Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 сакавіка 2020, 11:00

Брэсцкі драмтэатр рыхтуе прэм'еру драматычнай балады пра вайну

12 сакавіка, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы рыхтуюць прэм'еру спектакля "Не пакідай мяне..." паводле аднайменнай п'есы беларускага драматурга Аляксея Дударава, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Спектакль, жанр якога вызначаны як драматычная балада, прысвячаецца 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Рэжысёр - заслужаны дзеяч мастацтваў Аляксандр Козак - ужо не першы раз працуе над гэтай пастаноўкай. Некалькі гадоў таму п'есу Аляксея Дударава ён паставіў на сцэне Наўгародскага акадэмічнага тэатра драмы імя Ф. М. Дастаеўскага, а нядаўна такую ж прапанову атрымаў з Арэнбурга.

"Мяне гэта п'еса прываблівае сваёй тэмай. Не так шмат у нас твораў пра вайну, дзе ў цэнтры ўвагі жанчыны. Гэта вельмі кранальная гісторыя - такіх у суровыя ваенныя гады, відавочна, было нямала. У ёй рамантыка подзвігу ў маладых душах ператвараецца ў ахвярнасць - у імя нас, у імя будучыні, у імя Перамогі. У гэтым спектаклі шмат чалавечага і мала плакатнага", - падзяліўся Аляксандр Козак.

Дзеянне п'есы адбываецца ў 1944 годзе, сюжэт заснаваны на рэальных падзеях. Спецразведгрупа з чатырох байцоў атрымлівае асабліва важнае заданне: прабрацца ў тыл ворага, уключыць радыёперадатчык і выклікаць агонь на сябе, забяспечыўшы поспех наступальнай аперацыі. Але замест вопытных разведчыкаў у групу ўваходзяць чатыры дзяўчыны, учарашнія школьніцы, і заданне яны павінны выканаць цаной уласнага жыцця. Перад набліжэннем небяспекі камандзір і яго падраздзяленне становяцца адной сям'ёй, а праз іх асабістую трагедыю паказана трагедыя ўсяго маладога пакалення, якое апынуўся ў цэнтры баявых дзеянняў.

У спектаклі заняты маладыя артысткі тэатра - Таццяна Строк, Дар'я Старасотнікава, Ганна Стасюк, Кацярына Яцкавец. Дзве мужчынскія ролі выконваюць Міхаіл Ільіч і Яўген Тарасаў. Згодна з сюжэтам, дзяўчатам даводзіцца прадэманстраваць усе свае таленты: яны спяваюць, танцуюць, чытаюць вершы, а таксама займаюцца страявой падрыхтоўкай і рукапашным боем. Спецыяльна для гэтага ў якасці інструктара тэатр запрасіў сапраўднага капітана ВДВ. Пластыку ставіў харэограф Валерый Султанаў.

"Пастаноўка ў першую чаргу адрасавана маладым людзям. Спадзяюся, яны паглядзяць яе з цікавасцю. Хацелася аб тых цяжкіх гадах расказаць з любоўю, са светлым сумам. Цяпер пра вайну з'яўляецца шмат негатыву, і мне гэта вельмі непрыемна. Мы ўсе нашчадкі Перамогі. Хочацца, каб моладзь адчувала адказнасць за тое, што ў нас ёсць, - за мірнае неба, спакойнае, шчаслівае жыццё", - сказаў Аляксандр Козак.

Прэм'ера спектакля "Не пакідай мяне..." у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы назначана на 26 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі