Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 сакавіка 2021, 16:00

Больш за 150 жаночых вобразаў у фарфоравых вырабах прадстаўлены ў мастацкай галерэі Савіцкага

5 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Жаночы вобраз у фарфоры" з калекцыі Віктара Суворава адкрылася сёння ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Віктар Сувораў - член Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання калекцыянераў, ён збірае фарфор ужо больш за 15 гадоў.

Арганізатары адзначылі: калекцыянеры выконваюць своеасаблівую музейную функцыю. "Акрамя таго, што яны збіраюць пэўныя рэчы, у тым ліку і творы мастацтва, калекцыянеры з'яўляюцца яшчэ і яго папулярызатарамі. Яны супрацоўнічаюць з музеямі, галерэямі і паказваюць свае зборы шырокаму колу людзей абсалютна бясплатна", - падкрэсліла загадчыца аддзела экспазіцыйна-выставачных работ мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага Юлія Кавалёва.

У галерэі можна ўбачыць рыжскі, украінскі фарфор, вырабы Ленінградскага фарфоравага завода. Прадстаўлены рэдкія штофы з выявай жанчын, дзяўчына-кубак, карагод прыгажунь у нацыянальным адзенні 15 савецкіх рэспублік. Ёсць і метафарычныя жанчына-кошка, жанчына-акула, жанчына-змяя, якія падкрэсліваюць шматаблічнасць жаночай натуры. Прадстаўлены казачныя і іншыя літаратурныя персанажы: Папялушка, Гаспадыня Меднай гары, Снягурачка, Чырвоная Шапачка.

"З Віктарам Суворавым мы пазнаёміліся ў 2018 годзе і з таго часу супрацоўнічаем. Мінчане маглі бачыць у сценах галерэі выставу знакамітых людзей у фарфоры з яго калекцыі. Цяперашняя экспазіцыя аб'яднала фарфоравыя статуэткі заводаў Беларусі, Германіі, Расіі, Украіны, Латвіі. Мы пастараліся размеркаваць такое багацце работ па групах: казачныя героі, жанчыны ў нацыянальным адзенні, прадстаўнікі прафесій, тэма мацярынства, жанчына ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці", - адзначыла Юлія Кавалёва.

Дэманструюцца каля 150 прадметаў з фарфору, якія прадстаўляюць прыгожую палову чалавецтва ў розных іпастасях. У асноўным гэта работы пасляваеннага часу, але ёсць і некалькі 1930-х гадоў. "Напрыклад, статуэтка "Свінарка" была выпушчана перад вайной на Гарадніцкім фарфоравым заводзе ва Украіне. Што гэта вытворчасць менавіта даваеннай Гарадніцы, можна вызначыць дзякуючы кляйму", - расказаў Віктар Сувораў.

Беларусь таксама славілася фарфоравымі заводамі - Мінскім і Добрушскім. У 2009 годзе сталічнае фарфора-фаянсавае прадпрыемства спыніла работу. Такі ж лёс напаткаў і шматлікіх вытворцаў былога Савецкага Саюза. Калекцыя Суворава змяшчае вырабы ўжо не існуючых фабрык.

"Мінскі фарфоравы завод славіўся вазамі, багаццем бюстаў. У 1950-1960-я гады было выраблена шмат бюстаў вядомых людзей: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Адама Міцкевіча. А на Добрушскім заводзе, як я разумею, арыентуюцца на посуд. Амаль ці не адзіная статуэтка, выпушчаная там, - "Кветачніца". Яна вельмі прыгожая, і наведвальнікі галерэі могуць самі ў гэтым пераканацца", - сказаў Віктар Сувораў.

Калекцыянер падзяліўся думкай, што было б добра ўвекавечыць у фарфоры многіх вядомых людзей сучаснасці. "Хацелася б мець бюст Уладзіміра Мулявіна з гітарай або таго ж выдатнага мастака Міхаіла Савіцкага. У нас ёсць плеяда выдатных акцёраў. Напрыклад, Галіна Макарава", - дадаў ён.

Чароўныя жаночыя вобразы ў фарфоры будуць радаваць наведвальнікаў мастацкай галерэі да 9 мая.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі