Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 лютага 2021, 18:51

Больш за 100 заявак пададзена на літаратурны конкурс LitUP - Бузоўскі

8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На I этап рэспубліканскага літаратурнага конкурсу LitUP, вынікі якога падвядуць падчас XXVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу 20 лютага, пададзена больш за 100 заявак. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Задумкай гэтага літаратурнага праекта была і застаецца ідэя знайсці як мага больш цікавых і яркіх імёнаў. На сёння мы атрымалі больш за сотню заявак. І мне прыемна, што сярод іх ёсць як вядомыя, так і зусім незнаёмыя людзі, якія, магчыма, мараць у бліжэйшай перспектыве стаць пісьменнікамі, атрымаць магчымасць выдаць сваю працу сумесна з выдавецтвамі або спонсарамі, - адзначыў Ігар Бузоўскі. - З аднаго боку, LitUP - гэта пляцоўка для самарэалізацыі, з іншага - гэта пошук выдавецтвамі сваёй мэтавай аўдыторыі, а таксама новых тэм, праектаў, кніг, якія будуць паспяхова прадавацца. Наша задача - знайсці літаратурных зорак, людзей, якія будуць праслаўляць наша творчае асяроддзе".

Літаратурны конкурс LitUP праводзіцца для пошуку і падтрымкі новых перспектыўных беларускіх аўтараў і праектаў. Для адбору ў першым этапе ўдзельнікі могуць прыслаць свае работы па 11 лютага па наступных намінацыях: паэзія, проза, дзіцячая літаратура, літаратура для падлеткаў, нон-фікшн.

Адно з асноўных патрабаванняў - павінна быць прадстаўлена не менш за 25 працэнтаў ад мяркуемага аб'ёму рукапіса. Праекты будуць ацэньваць за мастацкае майстэрства і самабытнасць аўтарскага стылю, актуальнасць і навізну выбранай тэмы, моўнае майстэрства, сучасны падыход да падачы матэрыялу і г.д. Аўтары, у выпадку прызнання іх пераможцамі, маюць прыярытэтнае права на публікацыю сваёй кнігі ў адным з дзяржаўных выдавецтваў тыражом да 1 тыс. экзэмпляраў. Спіс фіналістаў будзе аб'яўлены 15 лютага. Вынікі конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца падчас XVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу 20 лютага.

"У гэтым конкурсе мы наўмысна адышлі ад паняцця "журы". Мы прадастаўляем пляцоўку для аўтараў, гатовых да таго, каб іх убачылі і дапамаглі з публікацыяй работ. Ацэньваць іх будуць людзі, якія ў далейшым будуць укладвацца ў гэта фінансава і арганізацыйна. Хочацца звярнуцца да патэнцыяльных інвестараў, работадаўцаў, прадстаўнікоў выдавецтваў і банкаўскай сферы і запрасіць іх прыйсці і ўбачыць прэзентуемыя на конкурсе работы. Дарэчы, на сёння вядома прыкладна аб 20 расійскіх выдавецтвах, якія будуць удзельнічаць у Мінскай кніжнай выставе-кірмашы і могуць стаць патэнцыяльнымі партнёрамі ўдзельнікаў праекта LitUP", - сказаў намеснік міністра.

Паводле слоў першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алены Стэльмах, гэты літаратурны стартап дапаможа па-новаму паглядзець на працэс кнігавыдання. "У нашым цяперашнім рыначным жыцці мяняюцца адносіны паміж выдавецтвамі і аўтарамі. Пісьменнікі павінны разумець, што будзе пасля таго, як кніга ўбачыць свет, колькі чытачоў захочуць яе прачытаць, у якіх бібліятэках будзе прадстаўлена. Упэўнена, што пры актыўным удзеле самога аўтара ў публікацыі сваёй работы выдавецтвы будуць не менш зацікаўлены ў гэтым. Таму конкурс - пэўная вучоба для нашых удзельнікаў. З імі трэба працаваць, пашыраць іх светапогляд на тое, напрыклад, якая літаратура сёння запатрабавана, тлумачыць сучасныя патрабаванні", - падкрэсліла яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі