Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 чэрвеня 2019, 18:16

Беларускі музычны тэатр пакажа сваю інтэрпрэтацыю "Камедыі" Уладзіміра Рудава

26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры 5 і 22 ліпеня адбудзецца прэм'ера спектакля на беларускай мове "Камедыя" паводле п'есы Уладзіміра Рудава, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА рэжысёр-пастаноўшчык Валерыя Чыгілейчык.

Уладзімір Рудаў напісаў "Камедыю" ў канцы ХХ стагоддзя па матывах твораў Каятана Марашэўскага і Францішка Багушэвіча. П'еса каля трыццаці гадоў не сыходзіць з падмосткаў драматычных тэатраў краіны. Творчы калектыў Беларускага музычнага тэатра прапануе гледачам сваю версію твора.

"Мы рыхтуем паўнацэнны музычны спектакль з новай драматургіяй, калізіямі і канфліктам, сваімі вобразамі і характарамі, - адзначыла рэжысёр. - Традыцыйна ў гратэскавых ролях выступаюць мэтры. Але ў нас будзе малады акцёрскі склад, думаю, гэта ўнясе сваю свежасць і навізну ва ўжо асэнсаваныя вобразы гэтай камедыі. Акрамя таго, будзе паказана абсалютна сучасная вёска з яе сучаснымі жыхарамі. Пастараемся, каб спектакль атрымаўся іранічным, смешным і яго пазналі".

Паводле слоў рэжысёра, работа над спектаклем пачалася ў лістападзе мінулага года, калі ішоў працэс карэкціроўкі п'есы і напісання музыкі. З артыстамі рэпетыцыі вяліся каля двух месяцаў. "Музыка і ўсе нумары новыя, напісаныя кампазітарам Алегам Хадоскам, - падкрэсліла Валерыя Чыгілейчык. - Над пастаноўкай працуюць лібрэтыст Анатоль Зэкаў, харэограф-пастаноўшчык Кацярына Каваленка, дырыжор-пастаноўшчык Юрый Галяс і дырыжор Марына Траццякова, вакальны кіраўнік Святлана Пятрова, мастак-пастаноўшчык Ілья Падкапаеў. У нас усё даволі проста, фактычна на трох крэслах".

Усяго ў "Камедыі" задзейнічаны чатыры персанажы, якіх выканаюць: Сяргей Жараў і Сяргей Спруць, Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова і Святлана Карнялюк, Андрэй Асімовіч і Раман Грыцаў, Яўген Далідовіч і Дзмітрый Маціеўскі.

"Спадзяюся, спектакль спадабаецца гледачам, і яго змогуць убачыць не толькі жыхары і госці Мінска, але і іншых гарадоў", - падзялілася чаканнямі Валерыя Чыгілейчык.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі