Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 ліпеня 2021, 14:10

"Беларуская энцыклапедыя" выпусціла зборнік спартыўных вершаў і скорагаворак

23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кніга "Хутка стану чэмпіенам" у серыі "Беларускія пісьменнікі - дзецям" выйшла ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", паведамілі БЕЛТА ў выдавецтве.

У дні Алімпіяды "Беларуская энцыклапедыя" прадстаўляе новую кнігу, якая будзе цікавая многім. "Кніга беларускага паэта Уладзіміра Мазго прысвечана спорту і жаданню перамог, каманднаму духу і радасці дружбы. Акрамя таго, у зборнік увайшлі незвычайныя забаўляльныя вершы, у якіх рэальнае пераплятаецца з камічна-фантастычным", - расказалі ў выдавецтве.

"З дапамогай яркіх вобразаў і гульні слоў аўтар па-мастацку абыгрывае звычайныя жыццёвыя сітуацыі, ператвараючы іх у захапляючыя і нетыповыя. У кнізе таксама - арыгінальныя скорагаворкі і смешныя каламбуры пісьменніка, якія дапамогуць весела правесці час. Разам з гэтым добра ўспрымаюцца малюнкі мастака Уладзіміра Сытчанкі", - дадалі ў "Беларускай энцыклапедыі".

Уладзімір Мазго нарадзіўся ў 1959 годзе ў гарадскім пасёлку Зэльва Гродзенскай вобласці. Ён яшчэ ў шостым класе напісаў сачыненне ў вершах, пасля чаго перамагаў у розных літаратурных конкурсах. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў у выдавецтвах "Юнацтва", "Мастацкая літаратура", часопісах "Вясёлка", "Полымя", "Нёман". Уладзімір Мазго з'яўляецца аўтарам двух дзясяткаў кніг для дзяцей і дарослых, а таксама больш за сотню песень. Асобныя творы перакладзены на рускую, англійскую, таджыкскую, чувашскую мовы. Акрамя таго, ён стаў лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры ў 2005 годзе, літаратурных прэмій імя Васіля Віткі (2005), "Залаты Купідон" (2008). З'яўляецца таксама выдатнікам друку Беларусі (2007), ганаровым грамадзянінам Зэльвенскага раёна (2008), узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2016).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі