Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 сакавіка 2022, 14:14

Беларуска-расійскую камедыю "Аліўе" прадставяць гледачам у снежні

9 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумесны праект Беларусі і Расіі - камедыю "Оліўе", галоўныя ролі ў якой выканаюць вядучыя расійскія акцёры, прадставяць у снежні бягучага года. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".

Сюжэт фільма "Аліўе" расказвае гледачу пра жыццё адной некалі дружнай сям'і. Дзесяць чалавек збіраюцца за сямейным сталом напярэдадні Новага года, каб выказаць узаемныя крыўды.

"Гэта не проста навагодняя гісторыя пра звычайную сям'ю, якая рыхтуецца святкаваць Новы год. "Аліўе" раскажа аб важнасці сям'і, аб тым, што часам трэба проста знайсці патрэбныя словы і своечасова пачуць сваіх блізкіх", - расказалі аўтары праекта.

Фільм здымаюць у Маскве і Мінску.

"У Мінску няма такой маскоўскай паточнасці, мітусні. Тут і дэкарацыі, і сам горад спрыяльныя для сямейнай атмасферы, - расказаў расійскі рэжысёр праекта Андрэй Нікіфараў. - Усе прысутныя за сямейным застоллем адкрываюць свае праблемы, але пры гэтым разумеюць, наколькі ўсе адзін аднаго любяць. Гэта класная гісторыя, якая кожны год нас будзе радаваць, як "Іронія лёсу".

Рэжысёр падзяліўся, што гледачоў фільма будзе чакаць своеасаблівы сюрпрыз. "Тут ёсць адзін суперход, якога яшчэ ніхто не рабіў. Акрамя сцэн застолля, размоў, будуць спецыяльныя ўстаўкі ў жанры стэндапа, у розных стылістыках - такі наватарскі ход, - растлумачыў рэжысёр. - Гэта камедыя, але, як ў любой добрай камедыі, будзе месца і падумаць, і пасумаваць. Мы арыентуемся на лепшыя савецкія фільмы".

Ірына Пегава ў фільме "Аліўе" іграе галоўную гераіню Карыну, якая выступае правакатарам і ініцыюе ўвесь канфлікт. "Маю гераіню складана палюбіць, я яе сама пакуль не палюбіла. Такіх людзей баяцца. Я разумею, для чаго яна гэта робіць - толькі дзеля сына, але наогул складана будзе пераканаць гледачоў, што яна таксама добры чалавек, - расказала актрыса. - Кожная сям'я - гэта новы набор любві і праблем, таму ў нас будзе новы фільм, у нас будзе іншая, арыгінальная "запраўка", новы рэцэпт аліўе".

Ірына Пегава таксама падзялілася, што для яе Мінск - гэта не толькі здымачная пляцоўка, а нешта большае. Гэта горад, у якім у актрысы шмат сяброў.

Асноўная каманда здымачнага працэсу - беларусы: супрацоўнікі "Беларусьфільма" і прыцягнутыя на праект людзі. З расійскага боку прыехала каманда ў складзе сямі чалавек.

"Кіно - гэта справа, якая дае магчымасць падарожнічаць, інтэгравацца, не толькі ўзаемадзейнічаць з людзьмі, але і пераймаць вопыт. Так здарылася, што ў нас з'явілася магчымасць папрацаваць з Беларуссю і не проста з нейкай камерцыйнай кампаніяй, а непасрэдна на дзяржаўным узроўні з "Беларусьфільмам", - сказаў супрадзюсар Ягор Шорахаў.

Ён расказаў, што быў праведзены аналіз і ўжо можна гаварыць, што фільм будзе камерцыйна паспяховым. "Мы вядзём перагаворы з усімі буйнейшымі інтэрнэт-пляцоўкамі. Гэта будзе шырокі кінатэатральны пракат на тэрыторыі СНД, плануецца таксама рэалізацыя правоў на тэрыторыі ўсяго свету, - сказаў Ягор Шорахаў. - Вельмі любяць рускамоўнае кіно ў нямецкамоўных краінах, паколькі там вялікая руская супольнасць, таксама купляюць у Японіі, Бразіліі, Карэі".

Пастаноўкай новага фільма ў гульнявой форме "Аліўе" займаюцца беларускі рэжысёр Ігар Чацверыкоў і расійскі рэжысёр Андрэй Нікіфараў. Карціна з'яўляецца сумесным праектам Беларусі і Расіі. Галоўныя ролі ў кінастужцы выканаюць вядучыя расійскія акцёры Сяргей Шакураў, Ірына Пегава і Станіслаў Дужнікаў. У акцёрскі склад таксама ўвайшлі выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі