Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 мая 2021, 15:48

Асамблея мастацтваў і арт-лабараторыі: у НЦСМ 6 мая адкрываецца I Дзіцячае біенале

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнароднае I Дзіцячае біенале ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрыецца 6 мая, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

"Мы ўпершыню сабралі на дарослай выставачнай пляцоўцы крэатыўныя праекты дзяцей, а таксама цікавыя ініцыятывы і педагагічныя практыкі ў сферы дзіцячай творчасці. Усе выставачныя залы на другім паверсе НЦСМ самым беспрэцэдэнтным чынам запоўніла творчасць дзяцей, якую будзе цікава вывучаць самастойна і з сям'ёй наведвальнікам усіх узростаў, а таксама прафесіяналам, якія працуюць з дзецьмі", - адзначылі арганізатары.

У выставачнай праграме можна будзе ўбачыць галоўны трэнд года - upcycling (на біенале гэта арт-аб'екты са старых, непатрэбных цацак і іх частак), дзіцячы даведнік для дарослых па Мінску, створаныя дзецьмі стыкеры для Telegram. Будуць паказаны фільмы, прыдуманыя і знятыя дзецьмі сумесна з беларускімі рэжысёрамі, а таксама вынікі даследавання горада - дзіцячыя архітэктурныя праекты шматкватэрных дамоў для Мінска праз 30 гадоў і нават альтэрнатыўны дызайн мінскіх каналізацыйных люкаў.

"Падчас біенале пройдзе V Міжнародны фестываль-конкурс дзіцяча-маладзёжнай творчасці "Асамблея мастацтваў. Кубак Беларусі па мастацкай творчасці", які з'яўляецца часткай праекта World Art Cup. Акрамя таго, адкрыецца выстава работ пераможцаў міжнароднага конкурсу "Мы - дзеці космасу", дзе прынялі ўдзел хлопчыкі і дзяўчынкі з 17 краін, якія прыслалі больш за 20 тыс. работ. Арганізатарамі конкурсу "Мы - дзеці космасу" з'яўляюцца Дабрачынны фонд імя Алены Іванаўны Рэрых і Міжнародны цэнтр Рэрыхаў у Беларусі", - расказалі ў НЦСМ.

Першую персанальную выставу 16-гадовай мастачкі Аляксандры Куцень FEEL THE PHOTO, якая смела эксперыментуе з палароіднымі здымкамі, таксама можна будзе ўбачыць на біенале. Мастачка Наталля Жыгамонт прэзентуе свае сямейныя творчыя праграмы "Азбука пачуццяў" і "Білінгвальная азбука", якія сумяшчаюць мастацтва і арт-тэрапію для дзяцей і дарослых. "Людзі рознага ўзросту і стану здароўя на працягу некалькіх гадоў малявалі разам, знаёміліся з творамі выяўленчага мастацтва ў музеях і ўдзельнічалі ў стварэнні сумесных праектаў", - дадалі арганізатары.

"Дзіцячае біенале ў НЦСМ можна не толькі глядзець - у ім можна актыўна ўдзельнічаць. У многіх залах размяшчаюцца зоны "Арт-лабараторыі", дзе юным наведвальнікам прапануецца рашыць творчыя задачы і выканаць заданні. За час правядзення праекта пройдзе шмат падзей: паказы спектакляў, майстар-класы, адукацыйныя мерапрыемствы, канцэрты і прэзентацыі", - падкрэслілі ў цэнтры.

Прадугледжаны тэматычныя тыдні:

12-16 мая - Тыдзень архітэктуры;

19-23 мая - Тыдзень музея;

22 мая - "Дзень музеяў у НЦСМ";

26-30 мая - Тыдзень на арбіце;

2-6 чэрвеня - Тыдзень вялікіх пачуццяў;

9-13 чэрвеня - Тыдзень яркіх эмоцый.

Падрабязная праграма будзе размешчана на сайце ncsm.by і ў сацыяльны сетках НЦСМ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі