4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі падрыхтаваў праграму, прысвечаную памяці народнага артыста Беларусі кампазітара Эдуарда Зарыцкага. Прэм'ера адбудзецца на кінастудыі "Беларусьфільм" 5 снежня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА мастацкі кіраўнік калектыву, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг.
"Эдуард Зарыцкі больш за 20 гадоў прапрацаваў у нашым калектыве. Праз усю сваю творчасць ён пранёс любоў да роднага краю. Многія яго творы з'яўляюцца візітнай карткай Беларусі. У канцэрце прагучаць песні кампазітара на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і іншых беларускіх паэтаў. Для заслужанага аркестра адказна і хвалююча рыхтаваць гэту праграму", - адзначыў Міхаіл Фінберг.
Сакрэт таленту Эдуарда Зарыцкага ў яго шчырасці і тонкім адчуванні музыкі. "Наша праграма - чарговы доказ таго, што кампазітар жывы, пакуль яго музыка жыве ў сэрцах беларусаў", - сказаў маэстра.-0-