Сцяг Пятніца, 3 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 лістапада 2018, 16:22

Архітэктуру Гомеля прадставіць мастак-эксперыментатар Ірына Панкова на выставе "Сімфонія горада"

20 лістапада, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстава Ірыны Панковай "Сімфонія горада" адкрываецца сёння ў музеі аўтографа Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Герцэна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дзяржаўнай установе.

Экспазіцыю складуць два дзясяткі работ, выкананыя акварэллю і алеем. У эцюдах мастака прадстаўлена архітэктурная разнастайнасць сучаснага Гомеля. Гэта адна з серый работ аўтара, прысвечаных як захаваным, так і страчаным помнікам архітэктуры абласнога цэнтра і Гомельскага рэгіёна.

"Ірына - мастак-эксперыментатар, які не стаіць на месцы і заўсёды адкрыты для чагосьці новага. Вынікам такіх творчых пошукаў і сталі апошнія работы, у якіх увасоблены яе фантазіі", - расказалі арганізатары выставы.

Ірына Панкова нарадзілася ў Гомелі, з дзяцінства захаплялася маляваннем. У адным з дзіцячых конкурсаў, прысвечаных чарнобыльскай катастрофе, яе карціна ў ліку лепшых падарожнічала па краінах Еўропы ў экспазіцыі перасовачнай выстаўкі. Потым Ірына Панкова з адзнакай скончыла Гомельскае вучылішча народных промыслаў, а затым - мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава.

Першая персанальная выстава мастака адбылася ў 2010 годзе. Цяпер Ірына Панкова - намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы нумар 19 Гомеля. Паралельна прадаўжае творчыя эксперыменты.

Выстава "Сімфонія горада" пройдзе ў межах праекта "Жывы аўтограф", прысвечанага Году малой радзімы. Адкрыццё пройдзе ў 17.00. Экспазіцыю можна ўбачыць да 17 снежня. Уваход свабодны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі