Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 кастрычніка 2019, 19:00

Анлайн-галасаванне на сайце дзіцячага "Еўрабачання" стартуе 22 лістапада

17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Анлайн-галасаванне на афіцыйным сайце дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне" стартуе 22 лістапада, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская.

"У адпаведнасці з правіламі міжнароднага конкурсу, беларусы змогуць падтрымаць прадстаўніка краіны на міжнародным форуме Лізавету Міснікаву, прагаласаваўшы за кампазіцыю "Пепельный" у інтэрнэце. На афіцыйным сайце конкурсу www.junioreurovision.tv ужо даступна інфармацыя, што анлайн-галасаванне стартуе ў пятніцу, 22 лістапада. Пачынаючы з гэтага дня, прагледзеўшы відэаролікі з выступленнямі канкурсантаў, можна будзе выбраць ад трох да пяці артыстаў, якія спадабаліся, у тым ліку ўдзельніка ад сваёй краіны. Акно для галасавання закрыецца непасрэдна перад канцэртам у нядзелю, 24 лістапада, і зноў адкрыецца, калі ўсе песні будуць выкананы, але толькі на 10 мінут", - расказала Святлана Смалонская-Краскоўская.

Графік падрыхтоўкі Лізаветы Міснікавай да дзіцячага "Еўрабачання-2019" насычаны. Юная выканаўца займаецца вакалам, харэаграфіяй, сустракаецца са стылістамі, дае інтэрв'ю. У час рэпетыцый беларуская канкурсантка развівае дыханне, каб з лёгкасцю пераходзіць з нізкіх нот на высокія і назад і пры гэтым адначасова танцаваць. "У яе хіце цяпер 40 працэнтаў англійскіх слоў ад агульнага тэксту. Таксама новая аранжыроўка кампазіцыі", - адзначыла кіраўнік прэс-службы.

У Белтэлерадыёкампаніі адбылася сустрэча творчай каманды Лізаветы Міснікавай з прафесійнымі стылістамі. Яны абмеркавалі сцэнічныя вобразы юнай выканаўцы і балета, які будзе выступаць з ёй на гала-канцэрце.

Што датычыцца балета беларускай удзельніцы, то цяпер разам з ёй на сцэне будуць выступаць чацвёра хлопцаў. "Усе яны прадстаўнікі сучаснай моладзі, пазіцыянуюць сябе як прыхільнікі вулічнага стылю. Мы падрыхтавалі некалькі эскізаў вобразаў, у якіх хлопцы выйдуць на сцэну, але сышліся на тым, што гэта будзе Sport Luxe. У касцюмах плануем выкарыстоўваць эластычныя тканіны і неапрэнавыя сеткі для лёгкасці рухаў", - адзначыла стыліст Жанна Лявонава. Дарэчы, папярэднія гады яна працавала з такімі прадстаўнікамі Беларусі на конкурсе, як Надзея Місякова, Руслан Асланаў, Аляксандр Мінёнак і Хелена Мерааі.

Дзіцячае "Еўрабачанне-2019" пройдзе 24 лістапада ў польскім горадзе Глівіцы. Прадстаўніца Беларусі выканае кампазіцыю "Пепельный".

Беларусь удзельнічае ў конкурсе песні з моманту яго заснавання - з 2003 года. На рахунку краіны дзве перамогі: у 2005-м конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй "Мы вместе", у 2007-м - Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй "С друзьями". У 2018 годзе Беларусь ужо другі раз была гаспадыняй дзіцячага "Еўрабачання" і сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю форуму: на сцэне "Мінск-Арэны" выступілі юныя артысты з 20 краін.

Усе правы, што адносяцца да правядзення адбору, належаць выключна арганізатару - Белтэлерадыёкампаніі як адзінаму ў краіне члену Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Па традыцыі прамую трансляцыю фінальнага канцэрта будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы "Беларусь 24", а таксама афіцыйны сайт медыяхолдынга tvr.by.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі