ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 29 ліпеня 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +22°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
31 сакавіка 2021, 12:20

Альбом беларускага скульптара Сяргея Селіханава прэзентуюць у НММ

Сяргей Селіханаў. Фота НММ
Сяргей Селіханаў. Фота НММ

31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзентацыя альбома "Няскораны чалавек" аднаго з найбольш яркіх беларускіх скульптараў савецкага часу народнага мастака БССР Сяргея Селіханава адбудзецца ў Нацыянальным мастацкім музеі 1 красавіка. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўстанове культуры.

"Выдатна ілюстраваны альбом, які выйшаў у выдавецтве "Беларусь", мае рэтраспектыўны характар і аб'ядноўвае творы мастака розных перыядаў і жанраў, што знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.У. Масленікава, Бялыніцкага раённага мастацкага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, фондах калекцыі Беларускага саюза мастакоў і сям'і майстра", - расказалі арганізатары.

У альбоме прадстаўлена каля сотні лепшых работ майстра - гэта не толькі скульптура, але і жывапісныя, графічныя работы розных гадоў. Некаторыя з іх у выданні рэпрадуктаваны ўпершыню. Шырокі ілюстрацыйны рад пра творчасць мастака дапоўнены аналітычнымі артыкуламі беларускіх мастацтвазнаўцаў Наталлі Шаранговіч, Барыса Крапака, а таксама ўспамінамі калег-мастакоў і блізкіх сяброў, якія адыгралі вялікую ролю ў яго жыцці.

Альбом выдадзены на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Выданне будзе цікава як спецыялістам, так і шырокаму колу чытачоў, якія захапляюцца беларускім мастацтвам, і стане для многіх сапраўдным адкрыццём творчасці гэтага выдатнага майстра.

Прэзентацыя пройдзе ў залах пастаяннай экспазіцыі беларускага выяўленчага мастацтва ХХ-ХХІ стст. у НММ.

Сяргей Селіханаў - адзін з найбольш яркіх айчынных скульптараў савецкага часу. Яго работы нараўне з творамі Заіра Азгура, Андрэя Бембеля і Аляксея Глебава характарызуюць цэлую мастацкую эпоху краіны - ХХ стагоддзе. Мастак у роўнай меры аддаў даніну партрэтнай творчасці і манументальным мастацкім кампазіцыям, стварэнню мемарыяльных рэльефаў і графічнаму мастацтву, працаваў з рознымі матэрыяламі, увасабляючы драматычныя і гераічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і герояў сучаснасці ў гліне, гіпсе, граніце і мармуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі