Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 лютага 2022, 17:20

Адчуць вайну: сімвалы блакаднага Ленінграда прадстаўлены ў музеі гісторыі ВАВ

1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выставачны праект "Сімвалы блакаднага Ленінграда" да 78-й гадавіны зняцця блакады Ленінграда адкрыўся сёння ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Бяглоў, звяртаючыся да блакаднікаў з прывітальным словам. падкрэсліў: "Мы помнім усіх вас, помнім, як вы стаялі за наш Ленінград. Сімвалічна, што ленінградцы дапамагалі вызваляць Мінск і ўсю Беларусь. Праз дзесяцігоддзі пасля Вялікай Перамогі мы ганарымся, што захавалі самае галоўнае - сваё братэрства, братэрства двух вялікіх народаў".

У сваю чаргу старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў акцэнтаваў увагу, што ветэраны - сцяна, якая спыніла фашызм. "Вы даказалі, што Ленінград нельга захапіць. Сёння трэба, каб вы як мага больш расказвалі маладому пакаленню праўду. Сёння шмат тых, хто хоча сказіць гісторыю, і пакуль вы з намі, праўда заўсёды з намі", - адзначыў ён.

Экспазіцыя з'яўляецца сумесным праектам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі ВАВ, Дзяржаўнага мемарыяльнага музея абароны і блакады Ленінграда, Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва Санкт-Пецярбурга. Праект уключае тры фотадакументальныя выставы: "І музы ўстаялі", "Блакадны хлеб", "Салют ленінградскай перамогі".

Паводле слоў дырэктара Дзяржаўнага мемарыяльнага музея абароны і блакады Ленінграда Алены Лезік, гэта не першы рэалізаваны сумесны праект з музеем гісторыі ВАВ. "Мы даволі даўно абменьваемся матэрыяламі па гісторыі блакады Ленінграда. Мы вельмі ўдзячны беларускім калегам за тое, што яны з вялікай увагай адносяцца да гісторыі нашага горада і актыўна паказваюць гісторыю, паколькі нас аб'ядноўвае агульная памяць. Прыехаўшы ў Беларусь, з вялікім задавальненнем адзначыла, што 2022 год тут аб'яўлены Годам гістарычнай памяці, які нас сапраўды моцна аб'яднаў, натхніў на сумесную работу", - расказала яна.

Публіка можа азнаёміцца з гісторыяй абароны і блакады Ленінграда, убачыць ключавыя памятныя сімвалы тых гадоў. Сярод экспанатаў - сукенка дзіцяці, памерлага ў самую суровую блакадную зіму 1941-1942 гадоў, сурвэтка з вышыўкай, якую не паспела закончыць майстрыха, значок "Светлячок", дзякуючы якому гараджане падсвечвалі сябе ў цёмны час сутак, прадуктовыя карткі, пісьмы, бітон для вады і санкі. Акрамя таго, арганізатары падрыхтавалі матэрыялы пра подзівігі беларусаў, якія змагаліся на Ленінградскім фронце і Балтыйскім флоце.

"Мы прывезлі не толькі фатаграфіі і дакументы, якія сведчаць пра сапраўдную людскую трагедыю, але і рэчы, якія яшчэ лепш, ярчэй, эмацыянальней раскажуць пра жыццё нашага горада ў гады блакады. Мы сфакусіраваліся на паўсядзённасці таго перыяду, на тым, як жылі, працавалі, супраціўляліся гараджане. Адным з цэнтральных экспанатаў з'яўляецца сапраўдны блакадны хлеб, які ленінградцы захавалі і пасля вайны перадалі ў фонды музея. У той жа час мы расказваем, як гераічна супраціўляліся людзі, як духоўна трымаліся, таму што наш горад заўсёды быў цэнтрам навукі і культуры. Трагедыя і гераізм спалучаюцца ў нашай экспазіцыі. Упэўнена, гэта выстава не пакіне нікога абыякавым, таму што на ўласныя вочы тут можна ўбачыць сапраўдныя блакадныя рэліквіі", - дадала Алена Лезік.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі