Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
23 жніўня 2011, 13:00

ЗМОВА ПАКРЫЎДЖАНЫХ

Для палітыка няма нічога горшага, чым апынуцца ў палоне ва ўласных страхаў і крыўд. Менавіта гэтыя пачуцці прыводзяць да самых вялікіх памылак і самага страшнага здрадніцтва. На жаль, крыўда і страх сталі галоўнымі заганамі сучаснай беларускай апазіцыі.

Зусім нядаўна Наталля Радзіна, адна з заўзятых апазіцыйных прапагандэс, выступаючы ў камітэце па замежных справах Сейма Літвы, гнеўна вяшчала: "Тое, што адбылося, сапраўды ганебны факт. Спадзяюся, што гэта была ненаўмысная памылка. Тыя, хто гэта зрабіў, паставілі пад пагрозу сем'і палітзняволеных". Яна мела на ўвазе гісторыю з перадачай банкаўскай інфармацыі беларускаму боку праваахоўнымі органамі Літвы і Польшчы. У выніку засвечанымі аказаліся рэальныя даходы шэрагу буйных апазіцыйных дзеячаў, а адзін з іх трапіў пад следства. Тут ужо зусім нічога не зразумела! Якое дачыненне асабістыя рахункі Аляксандра Віктаравіча Бяляцкага, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь 1962 года нараджэння, затрыманага па падазрэнню ў нявыплаце падаткаў, маюць да сем'яў людзей, якіх хтосьці лічыць палітзняволенымі? Звычайную юрыдычную працэдуру, прадугледжаную міждзяржаўнымі пагадненнямі, айчынныя апазіцыянеры назвалі ледзь не іудавым грахом. Яны стварылі грандыёзны скандал, ахвярамі якога ўжо сталі некалькі чалавек у суседніх краінах, якія проста выконвалі свой абавязак.

Аднак у гэтым выпадку страх, які авалодаў сэрцамі некаторых апазіцыйных дзеячаў, цалкам зразумелы і нават рацыянальны. Упершыню ў Беларусь трапіла афіцыйная інфармацыя (з усімі пячаткамі, подпісамі і сумамі) аб іх замежных рахунках. А гэта можа мець самыя горкія для іх наступствы. Па-першае, давядзецца трымаць адказ за шматгадовую нявыплату падаткаў і касіць пад "часова непрацуючых" больш не ўдасца. Па-другое, ісці да выбаршчыкаў у вобразе рэвалюцыянераў-бяссрэбранікаў таксама наўрад ці атрымаецца. Па-трэцяе, уласныя прыхільнікі могуць заклікаць да адказу сваіх босаў і партыйных бонзаў. Здагадкі аб тым, што ад радавой апазіцыйнай пяхоты ўтойвалі львіную долю сродкаў, што выдзяляліся замежнымі спонсарамі для падрыхтоўкі "рэвалюцыі", могуць знайсці сваё дакументальнае і даволі пераканаўчае пацвярджэнне.

А вось пастаянныя заклікі да ўвядзення ўсё больш жорсткіх санкцый адносна сваёй жа краіны, якія па-ранейшаму чуюцца з апазіцыйнага асяроддзя, маюць амаль ірацыянальны характар. Аўтары такіх заклікаў добра разумеюць, што эканамічныя санкцыі закранаюць інтарэсы і кашалькі простых беларусаў. Але чарговы раз яны гатовы прынесці народ у ахвяру ўласным палітычным амбіцыям.

Яшчэ ў маі бягучага года адзін з лідараў апазіцыйных сіл Аляксандр Мілінкевіч падзяліўся сваімі меркаваннямі наконт таго, уводзіць ці не санкцыі адносна Рэспублікі Беларусь: "Вядома, гэта дрэнна і для беларускага народа, таму што эканамічныя санкцыі б'юць і па ім. Але рэакцыя павінна быць адпаведнай маральным нормам Еўрасаюза і тым каштоўнасцям, на якіх аб'ядналіся краіны Еўрасаюза". Гэта значыць, беларускі (быццам бы) палітык дагаварыўся да таго, што калі выбар беларускага народа супярэчыць нормам і каштоўнасцям інтэграцыйнай супольнасці, куды Беларусь нават не ўваходзіць, то тым горш для самога народа! Цудоўная логіка, якой можна апраўдаць што хочаш, у тым ліку замежную інтэрвенцыю. Зрэшты, хтосьці дагаварыўся ўжо і да гэтага. Мікалай Халезін, які называе сябе вядомым рэжысёрам і драматургам, знаходзячыся ў замежным турнэ, падзяліўся такімі арыгінальнымі думкамі: "На мой погляд, выхад з гэтай сітуацыі адзіны - прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці павінны звярнуцца да Арганізацыі Аб'яднаных Нацый з просьбай аб увядзенні ў Беларусь "блакітных касак" - міратворчага кантынгенту ААН. Менавіта ён павінен развесці бакі і паспрабаваць абараніць беларускіх грамадзян ад банд злачынцаў. Гэта рабіць неабходна, пакуль на вуліцах беларускіх гарадоў не пачалі гінуць людзі". Вось ужо сапраўды - прастата горш за крадзеж! Хоць у закліках да замежнага ўмяшання Халезін не стаў першым сярод беларускіх апазіцыянераў. Некаторы час таму Станіслаў Шушкевіч, адзін з "трунароў" Савецкага Саюза, прапанаваў увесці расійскія войскі ў Беларусь. Што ж, тая палітычная традыцыя, да якой належаць гэтыя спадары, заўсёды дрэйфавала у бок адкрытай нацыянальнай здрады. Дзеячы Рады БНР хадзілі на паклон да кайзераўскіх генералаў, каб тыя падзяліліся з імі уладай над Беларуссю, потым хлебам-соллю сустракалі "доблесныя легіёны" Пілсудскага. Іх пераемнікі з Беларускай цэнтральнай рады захоплена віталі "Гітлера-вызваліцеля". Цяпер ім на змену прыйшлі Шушкевіч з Халезіным.

Добра, што ў еўрапейскіх краінах дастаткова палітыкаў, якія здольны выстаяць перад адкрытым шантажом і захоўваюць разважлівасць у самых няпростых сітуацыях. Намеснік старшыні камітэта па замежных справах Сейма Літвы Юсцінас Каросас, перад якім стагнала тая самая Наталля Радзіна, у інтэрв'ю "Белгазете" наконт гэтага даволі лагічна рэзюмаваў: "Я асабіста, і так прыкладна думае большасць дэпутатаў Сейма, лічу, што сілай мы не даб’ёмся нічога. Такія моманты ў адносінах Беларусі і Еўрасаюза ўжо былі, была ізаляцыя. І я лічу, што толькі пры ўзаемадзеянні можна што-небудзь вырашыць. Насіллем нічога не вырашыць".

Недальнабачная, мякка кажучы, пазіцыя тых дзеячаў, хто заклікае да санкцый супраць уласнага народа, дае эфект, адваротны таму, на які яны разлічвалі. Нават сярод людзей, па якіх-небудзь прычынах незадаволеных становішчам у краіне, слова "апазіцыянер" стала амаль непрыстойным. На блогах, у групах у сацыяльных сетках адпаведнага зместу ўсё часцей можна сустрэць такія запісы: "Толькі не падумайце, што я які-небудзь апазіцыянер". Гэты нармальны ўвогуле тэрмін, якім бізнесмены ад палітыкі спрабуюць прыкрыць уласную ўзлаванасць і ўшчэрбнасць, ачэрнены да такой ступені, што яго цалкам можна аднесці да спецыфічных ідыяматычных выразаў.

Застаецца толькі задаць рытарычнае пытанне тым, хто спачатку аплачвае дзейнасць гора-апазіцыянераў, а потым перадае інфармацыю аб гэтым беларускім уладам. Да якога часу вы будзеце рабіць стаўку на людзей, асноўным матывам якіх з'яўляецца крыўда? Няўжо незразумела, што яны асуджаны на правал? У палітыцы ж "пакрыўджаны" і "асуджаны" амаль сінонімы.

Вадзім ГІГІН,
БЕЛТА.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі