У Беларусі пачаўся 2012/2013 навучальны год. Акрамя яркіх букетаў, банцікаў і першага званка Дзень ведаў нясе нам і новыя адзнакі, сустрэчы з выкладчыкамі і настаўнікамі, прыток новых ведаў і, безумоўна, планы на будучыню. У гэтым годзе 1 верасня сваю работу пачалі каля 8 900 устаноў адукацыі ўсіх узроўняў, у якіх будуць вучыцца практычна 2 млн. чалавек. Аб тым, якія змяненні чакаюць школьнікаў, гімназістаў, студэнтаў, настаўнікаў і педагогаў у новым навучальным годзе, карэспандэнту БЕЛТА расказаў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.
ДАШКОЛЬНЫЯ ЎСТАНОВЫ
Усяго ў краіне адкрыта 4 тыс. 91 дашкольная ўстанова, з іх 115 дашкольных устаноў ведамаснай падпарадкаванасці, 9 прыватных. Цяпер дашкольныя ўстановы наведваюць каля 388 тыс. малышоў, пры гэтым праектная магутнасць дашкольных устаноў складае 451 тыс. 313 месц. Гэта значыць, што месц у дашкольных установах больш, чым дзяцей, якія наведваюць іх. Да навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі рыхтуюцца практычна ўсе дзеці ва ўзросце пяці гадоў. Для тых, хто не наведвае дашкольныя ўстановы адкрываюцца групы па падрыхтоўцы да навучання ў школах. Такім чынам, перад паступленнем у школу кожнае дзіця можа атрымаць адпаведную падрыхтоўку.
У новым навучальным годзе плануецца пашырыць пералік ільгот пры адкрыцці прыватных дашкольных устаноў. Усім вядома, што многія бацькі вымушаны падвозіць дзяцей да дзіцячых садоў, ды і забяспечанасць месцамі ў пэўных густанаселеных раёнах горада патрэбна ўсё-такі павялічваць. У гэтым пытанні развіццё сеткі прыватных дашкольных устаноў прапануецца актывізаваць. Будзе праведзена анкетаванне грамадзян, якое дапаможа адказаць на пытанні, якія льготы патрэбны прыватным прадпрымальнікам для адкрыцця такога віду ўстаноў, а таксама ўмовы, пры якіх жыхары захочуць прывесці сваё дзіця ў дашкольную ўстанову.
Дарэчы, бацькі сапраўды могуць прыняць удзел у паляпшэнні работы сістэмы, бо ў гэтым годзе ўводзяцца новыя крытэрыі ацэнкі работы ўстаноў адукацыі. А ў сферы прадастаўлення адукацыйных паслуг у дашкольных установах будзе ацэнены ў тым ліку ўзровень задаволенасці бацькоў прадастаўленнем гэтых паслуг.
ШКОЛЫ, ГІМНАЗІІ, ЛІЦЭІ
Пашпарты гатоўнасці да новага навучальнага года падпісалі ўсе ўстановы адукацыі. У 2012/2013 навучальным годзе будуць працаваць 3 тыс. 319 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку 219 гімназій, тры гімназіі-каледжы мастацтваў, адна сярэдняя школа-каледж мастацтваў, 27 ліцэяў, 8 кадэцкіх вучылішч. Акрамя таго, навучэнцы пройдуць падрыхтоўку ў 67 міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатах і ў двух цэнтрах дапрызыўнай падрыхтоўкі. У першых класах у 2012/2013 навучальным годзе плануецца навучанне больш як 91 тыс. навучэнцаў (у 2011/2012 навучальным годзе - 88 424).
У гэтым годзе сваіх першых вучняў сустрэлі шэсць новых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі: базавая школа ў вёсцы Альгомель Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, сярэдняя школа ў вёсцы Вулька-2 Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці, сярэдняя школа ў вёсцы Гвозніца Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці, сярэдняя школа ў мікрараёне нумар 4 Мазыра Гомельскай вобласці, сярэдняя школа ў вёсцы Лелюкі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці, сярэдняя школа ў мікрараёне Каменная Горка-5 Мінска. Да канца 2012 года будзе ўведзена ў строй сярэдняя школа ў мінскім мікрараёне Каменная Горка-2. Адукацыйны працэс ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі будзе арганізаваны пераважна ў адну змену. У дзве змены будуць працаваць каля 22 працэнтаў устаноў адукацыі. Першы ўрок ва ўсіх школах прайшоў па тэме "Я - грамадзянін Беларусі". Першакласнікам па традыцыі ўручылі падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - кнігу "Мая Радзіма - Беларусь".
У гэтым навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі прадоўжыцца эксперыментальны праект "Апрабацыя мадэлі навучання з выкарыстаннем індывідуальных электронных устройстваў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі". Будзе павялічана колькасць удзельнікаў праекта як у пачатковай школе, так і ў пятым класе. Гэта дапаможа забяспечыць пераемнасць паміж першай і другой ступенню агульнай сярэдняй адукацыі шляхам увядзення факультатыўнага курса па ІКТ для навучэнцаў пятых класаў, правядзенне педагогамі, якія ўдзельнічаюць у праекце, спецыялізаваных майстар-класаў.
І галоўнае - праведзена вялікая падрыхтоўчая работа да правядзення летам 2013 года абавязковага выпускнога экзамену па замежнай мове ў вуснай форме. Для таго каб выпускнікі 11-га класа здалі вусны экзамен, ім павялічылі на адну гадзіну ў тыдзень вывучэнне замежнай мовы, а класы былі падзелены на тры падгрупы. Падрыхтаваны зборнікі прыкладных экзаменацыйных матэрыялаў з аўдыядадаткам і навучальныя дапаможнікі новага пакалення, накіраваныя на развіццё камунікатыўнай культуры. Зацверджаны праграмы факультатыўных заняткаў па ўсіх замежных мовах, што вывучаюцца, распрацаваны нацыянальныя электронныя сродкі навучання па англійскай, нямецкай, французскай і іспанскай мовах. Вось ужо некалькі гадоў праводзяцца мерапрыемствы па павышэнню кваліфікацыі настаўнікаў замежнай мовы, у тым ліку на аснове ўзаемадзеяння з замежнымі прадстаўніцтвамі па арганізацыі стажыроўкі ў міжнародных моўных цэнтрах.
ПТВ і ССНУ
У Беларусі падрыхтоўка рабочых кадраў ажыццяўляецца амаль па 300 прафесіях у 216 установах прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у тым ліку ў 71 прафесійна-тэхнічным каледжы, 110 прафесійных ліцэях, 35 прафесійна-тэхнічных вучылішчах. Акрамя таго, навучанне па такіх праграмах ажыццяўляецца ў 13 установах адукацыі іншых узроўняў. Агульная колькасць навучэнцаў на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі на пачатак 2012/1013 навучальнага года па рэспубліцы складзе 81,6 тыс. чалавек. У ПТВ плануецца прыняць 37,9 тыс. чалавек, з іх для атрымання адукацыі на дзённай форме - 37 тыс. чалавек, у тым ліку на аснове агульнай базавай адукацыі - 20,7 тыс. чалавек, з іх без атрымання агульнай сярэдняй адукацыі - 1,1 тыс. чалавек, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі - 16,3 тыс. чалавек.
Адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэалізуюцца ў 216 установах адукацыі дзяржаўнай формы ўласнасці і ў 12 - прыватнай. Падрыхтоўка спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй ажыццяўляецца па 162 спецыяльнасцях на дзённай, завочнай і вячэрняй формах атрымання адукацыі. Агульны кантынгент навучэнцаў сістэмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі складае каля 163 тыс. чалавек. Конкурс на спецыяльнасці ў сярэднім па рэспубліцы складае два чалавекі на месца. Найбольш запатрабаванымі з'яўляюцца спецыяльнасці: "архітэктура", "прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва", "тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў", "аўтасэрвіс", "праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій", "арганізацыя перавозак і кіраванне на чыгуначным транспарце", "лінгвістычнае забеспячэнне сацыякультурнай дзейнасці", "тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны", "сястрынская справа", "лячэбная справа", "медыка-рэабілітацыйная справа", "дызайн", "цырульніцкае майстэрства і дэкаратыўная касметыка", "правазнаўства", "банкаўская справа", "фінансы", "інструментальнае выкананне". Апошнія гады ўзрастае цікавасць абітурыентаў да такіх спецыяльнасцей тэхнічнага профілю, як "цеплаэнергетыка", "аўтаматызацыя вытворчасці".
Галоўная навіна гэтага навучальнага года - у краіне плануецца аптымізаваць сістэму прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Цяпер усё больш сціраецца мяжа паміж прафесійна-тэхнічнай і спецыяльнай адукацыяй, час патрабуе адукаваных рабочых рук. У Міністэрстве адукацыі ўжо ствараецца агульнае ўпраўленне, якое будзе курыраваць гэтыя працэсы.
ВНУ
Па выніках уступнай кампаніі 2012 года, у ВНУ Беларусі залічаны 81 тыс. 325 чалавек. У дзяржаўныя ВНУ залічана 72 тыс. 728 чалавек, у прыватныя ВНУ - 8 тыс. 597 чалавек. На дзённую форму навучання паступілі 43 тыс. 39 чалавек, на завочную - 37 тыс. 956 чалавек, на вячэрнюю - 330 чалавек.
А ў наступным навучальным годзе, дакладней летам 2013 года, абітурыенты, магчыма, будуць паступаць па новых правілах уступнай кампаніі. Міністэрству адукацыі прапанавана ўнесці змяненні ў дзеючыя правілы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі. Дзяржаўная камісія па кантролю за ходам правядзення ўступных кампаній падвяла вынікі бягучай уступнай кампаніі, прадставіўшы свае прапановы. Размова ідзе ў першую чаргу аб увядзенні тых змяненняў, якія абмяркоўваліся ў мінулым годзе, - гэта спрашчэнне сістэмы льготнага прыёму і перанос усіх ільгот з часу паступлення на час самога навучання ў ВНУ. Магчымы і іншыя змяненні, якія будуць накіраваны на спрашчэнне сістэмы залічэння, павышэння попыту на адукацыйныя паслугі і ўзмацненне патрабаванняў да абітурыентаў.
Напрыклад, прахадны бал, які дазваляе ўдзельнічаць у конкурсе, будзе павышацца. Устаноўлены Міністэрствам адукацыі ў 2012 годзе парог тэставага бала даў магчымасць пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі зрабіць адсеў абітурыентаў з вельмі нізкім узроўнем падрыхтоўкі, а таксама абітурыентаў, якія спрабавалі ўгадваць адказы на заданні цэнтралізаванага тэсціравання. Як паказвае практыка - гэта менавіта тая катэгорыя абітурыентаў, якія папярэднія гады мелі магчымасць паступіць, але паколькі ўзровень іх агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі быў нізкі, то яны адлічваліся з вышэйшых навучальных устаноў ужо пасля першай сесіі. Увогуле ніжні парог не пераадолелі 4 тыс. 603 абітурыенты па дзяржаўных мовах (3,34 працэнта ад агульнай колькасці ўдзельнікаў) і 13 тыс. 531 абітурыент (5,57 працэнта) па профільных навучальных прадметах.
Прадметны рад, прадстаўлены на цэнтралізаванае тэсціраванне, таксама можа быць аптымізаваны. Цяпер на цэнтралізаванае тэсціраванне прапанавана 14 прадметаў, аднак жыццё паказала, што гэта дастаткова вялікая колькасць, прычым пытанні некаторых з іх дубліруюцца. Для паступлення цалкам дастаткова базавых прадметаў, а вось магчымасць аптымізацыі грамадазнаўства, гісторыі, некаторых іншых прадметаў ЦТ будзе абмеркавана як на ўзроўні спецыялістаў - рэктараў ВНУ, настаўнікаў, метадыстаў, так і на ўзроўні грамадскасці. Размова ідзе толькі аб абмеркаванні такога праекта.
Таксама Міністэрства адукацыі выступае за тое, каб большая колькасць студэнтаў з Беларусі ўдзельнічала ў праграмах абмену з замежнымі ВНУ. Многія студэнты беларускіх ВНУ ўжо ўдзельнічаюць у розных праграмах студэнцкага абмену. Напрыклад, такіх як Erasmus Mundus, Tempus, IAЕSTE (Міжнародная асацыяцыя па абмену студэнтамі для праходжання вытворчай практыкі). Так, па праграме IAЕSTE каля 50 нашых грамадзян цяпер знаходзяцца на практыцы ў заходніх краінах (Англія, Германія, Бельгія, Іспанія) і столькі ж студэнтаў з гэтых краін праходзяць практыку ў Беларусі. Па ўмовах работы асацыяцыі абмен ажыццяўляецца на ўзаемнай аснове.
Яшчэ адно новаўвядзенне 2012/2013 навучальнага года - больш чым 230 спецыяльнасцей у ВНУ будуць пераведзены на скарочаны тэрмін навучання. Большасць спецыяльнасцей будуць пераведзены на скарочаныя тэрміны навучання ў 2013/2014 навучальным годзе, але ёсць ВНУ, якія правялі набор на спецыяльнасці са скарочаным тэрмінам навучання ўжо гэтым летам. У далейшым чатыры гады будуць вучыцца філосафы і тэолагі, псіхолагі, журналісты і правазнаўцы, эканамісты, эколагі, мытнікі, спецыялісты па камп'ютарнай бяспецы, літаратурныя рэдактары, сацыёлагі і палітолагі. Чатырохгадовай стане таксама падрыхтоўка судовых экспертаў, спецыялістаў для падраздзяленняў органаў пагранічнай службы, ракетных войскаў і артылерыі. Плануецца, што ад чатырох да чатырох з палавінай гадоў будуць вучыцца некаторыя спецыялісты аграпрамысловага комплексу, меліярацыі або лесаінжынернай справы, нанатэхнолагі, а таксама тыя, чыя работа ў далейшым будзе звязана са штучным інтэлектам, квантавымі інфармацыйнымі сістэмамі і інш.
Такім чынам, большасць студэнтаў, будуць атрымліваць вышэйшую адукацыю за 4-4,5 года. У той жа час падрыхтоўка магістраў для інавацыйных сфер эканомікі будзе двухгадовай.
НАСТАЎНІКАМ І ПЕДАГОГАМ
Ва ўстановы сістэмы адукацыі гэтым летам накіравана на работу каля 6 тыс. выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцей вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, з іх 247 навучаліся за ўласныя сродкі, на іх распаўсюджваюцца гарантыі і кампенсацыі, прадугледжаныя заканадаўствам. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі працуюць больш за 136 тыс. педагагічных работнікаў, з іх 94 295 настаўнікаў-прадметнікаў. Вышэйшую адукацыю маюць 91,9 працэнта настаўнікаў-прадметнікаў.
З верасня ў Беларусі ва ўсіх педагогаў краіны будзе магчымасць атрымаць новую катэгорыю - пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў Адзіны кваліфікацыйны даведнік пасад уключана кваліфікацыйная катэгорыя "настаўнік-метадыст". Гэта кваліфікацыйная катэгорыя будзе прысвойвацца лепшым настаўнікам, якія маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, аўтарскую методыку выкладання навучальнага прадмета, зацверджаную Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі і адукацыйную праграму на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю, што дасць магчымасць павысіць прэстыж работы настаўніка, аплату працы найбольш кваліфікаваных педагагічных работнікаў.
Эксперымент гэтага года - новы механізм фінансавання галіны адукацыі з мэтай павышэння эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў. У прыватнасці, разглядаецца пытанне аб фінансаванні гарадскіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на аснове нарматыву бюджэтнай забяспечанасці на навучанне і выхаванне аднаго навучэнца. Апрабаваць новы механізм фінансавання плануецца з пачатку фінансавага года - з 1 студзеня 2013 года. Ён пройдзе на базе асобных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска, Гомеля і Гродна. Кіраўнікам устаноў адукацыі будзе прадастаўлена права самастойна распараджацца сэканомленымі бюджэтнымі сродкамі і накіроўваць іх на фінансаванне іншых расходаў, у тым ліку на стымулюючыя выплаты. У школах, якія ўдзельнічаюць у праекце, будзе створаны фонд стымулявання працы. Акрамя таго, на стымуляванне працы кіраўнікі будуць накіроўваць бюджэтныя сродкі, сэканомленыя ў выніку аптымізацыі штатнай колькасці работнікаў, рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў па крыніцах расходаў, пазабюджэтныя сродкі.
Як падкрэслівае міністр, сістэма адукацыі Беларусі гатова да пачатку новага навучальнага года, яна актыўна развіваецца і будзе вырашаць тыя задачы, якія перад ёю ставяцца, важнейшая з якіх - павышэнне эфектыўнасці ўсіх урокаў і заняткаў для забеспячэння асабістай траекторыі развіцця з улікам яго індывідуальных здольнасцей. Асаблівае месца ў гэтым годзе будзе выдзелена для арганізацыі асобасна арыентаванага навучання і дыферэнцыяцыі навучання па праектуемай прафесіі, плануецца змяніць механізм закупкі лабараторна-матэрыяльнай базы для аснашчэння кабінетаў фізікі, хіміі і біялогіі, правесці крэатыўную работу па напаўненню зместам такога важнага рэсурса, як прафарыентацыйная работа.
Паводле слоў Сяргея Маскевіча, Дзень ведаў - гэта адзінае свята, якое датычыцца ўсіх грамадзян нашай краіны. Міністр выказаў сардэчную ўдзячнасць усім работнікам адукацыі за штодзённую нястомную працу, прафесіяналізм, чуласць і душэўную цеплыню і пажадаў старанных вучняў і новых вышынь у выкладчыцкім майстэрстве. А ўсім навучэнцам міністр пажадаў паспяховай вучобы, новых захапляльных падарожжаў у свет ведаў і бескарыслівых сяброў. Няхай святло пазнання запаліць у кожным сэрцы ўпэўненасць у сваіх сілах, адкрые шчаслівыя жыццёвыя перспектывы і дасць магчымасць росквіту таленту і інтэлекту!
Юлія БАРАДУН