Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
11 жніўня 2011, 13:52

НА ПАРОЗЕ НАВУЧАЛЬНАГА ГОДА

1 верасня для большасці не проста чарговы дзень календара, а знамянальная падзея - пачатак новага навучальнага года. Дзеці і бацькі, бабулі і дзядулі, настаўнікі і педагогі - у большай або меншай ступені гэты дзень датычыцца ўсіх. Плануецца, што ў гэтым годзе заняткі пачнуць больш як 2 млн. вучняў і студэнтаў. У дашкольныя ўстановы прыйдуць 382 тыс. дзяцей, школы - 950 тыс. вучняў, ПТВ - 100 тыс., ССНУ - 165 тыс., ВНУ - 450 тыс. студэнтаў. За школьную парту сядуць амаль 89 тыс. першакласнікаў - гэта на 1,5 тыс. больш, чым у мінулым годзе. Установы адукацыі ўсіх узроўняў (а ўсяго іх у Беларусі 8,9 тыс.) гатовы да новага навучальнага года. Аб тым, як ідуць справы ў сферы адукацыі за некалькі тыдняў да 1 верасня, карэспандэнту БЕЛТА расказаў міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч.

ВЫБІРАЕМ НА ГУСТ - ВНУ, ПТВ, ССНУ

Завяршаецца ўступная кампанія ў ВНУ, ССНУ і ПТВ. Ужо можна гаварыць аб папярэдніх выніках. ВНУ толькі завяршылі набор, і ідзе працэс падліку. На бюджэт і платную форму прыняты больш за 100 тыс. чалавек, у тым ліку на бюджэт - 33 тыс. (25 тыс. - на дзённае і 8 тыс. на завочнае аддзяленне).

Прахадны бал на бюджэтныя месцы ў ВНУ ў гэтым годзе вырас ад 10 да 30 адзінак. Напрыклад, у БДУІР прахадны бал павялічыўся на 30 адзінак да 220 балаў. Згодна з папярэднімі данымі, конкурс на бюджэтныя месцы ў ВНУ склаў 1,4 чалавека на месца.

У структуры прыёму ў ВНУ прыярытэт аддадзены спецыяльнасцям тэхніка-тэхналагічнага (каля 25 працэнтаў), медыцынскага (11 працэнтаў), педагагічнага (11 працэнтаў), сельскагаспадарчага (8 працэнтаў), прыродазнаўча-навуковага (6,8 працэнта), эканамічнага (6,6 працэнта) і архітэктурна-будаўнічага профілю (6 працэнтаў). Прыём па мэтавай падрыхтоўцы (медыкі, аграрыі і інш.) у ВНУ склаў 1,8 тыс. чалавек, што крыху вышэй за ўзровень 2010 года. Павялічаны прыём на спецыяльнасці, якія забяспечваюць кадравую патрэбнасць інавацыйнай вытворчасці (праграмнае забеспячэнне, атамная энергетыка, нанаматэрыялы і нанатэхналогіі, біятэхналогіі, касмічныя даследаванні (прыём на І курс - 1,7 тыс. чалавек). Адначасова зменшаны прыём на юрыдычныя і эканамічныя спецыяльнасці. У 15 грамадзянскіх ВНУ на юрыдычныя спецыяльнасці набралі толькі па 1 групе (300 чалавек, або менш як 1 працэнт ад агульнага прыёму). На эканамічныя спецыяльнасці прыём на бюджэтную форму навучання зменшаны на 120 месц, або на 8 працэнтаў. Прыняты меры па аптымізацыі прыёму на завочнае навучанне (у 2010 годзе ў асобных прыватных ВНУ колькасць завочнікаў-першакурснікаў дасягала 90 працэнтаў ад агульнай колькасці прыёму).

Праведзена неабходная работа па ўзгадненню ўзроўню платы за навучанне ў ВНУ, у тым ліку прыватных. Агульны падыход - рост не больш як на 20 працэнтаў адносна дзеючай цаны. Але фактычна гэты паказчык у сярэднім склаў каля 14 працэнтаў.

Прадаўжаецца прыём дакументаў і здача ўступных экзаменаў у ССНУ і ПТВ. У ССНУ плануецца прыняць 56 тыс. чалавек, у тым ліку на бюджэтную форму навучання - 28 тыс. (50 працэнтаў). Апошні дзень прыёму дакументаў на бюджэтныя месцы быў 8 жніўня, на ўмовах аплаты яшчэ прадаўжаецца - па 14 жніўня. У прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы плануецца набраць 43 тыс. выпускнікоў базавай і сярэдняй школы (адпаведна больш за 23 тыс. і 19 тыс. чалавек). Пададзена ўжо 28 тыс. заяў. Прыём дакументаў ва ўстановы прафтэхадукацыі праводзіцца да 20 жніўня, аднак у выпадку неабходнасці будзе прадоўжаны да 15 верасня. Лічбы прыёму на 2011 год сфарміраваны з улікам дынамікі змянення патрэбнасцей галін эканомікі ў рабочых (служачых) спецыялістах і на аснове заявак.

У ССНУ, паводле папярэдніх даных, набор на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі і агульнай базавай адукацыі выкананы на 94-96 працэнтаў. Набор на аснове агульнай сярэдняй адукацыі плануецца ажыццявіць поўнасцю. У параўнанні з дзённай формай атрымання адукацыі прыём на завочную форму ідзе больш складана, хоць чакаецца прыток абітурыентаў, якія не паступілі ў ВНУ. На 5 жніўня для навучання ва ўстановах прафтэхадукацыі на аснове агульнай сярэдняй адукацыі пададзена заяў ад 2,5 тыс. чалавек, або на 20 працэнтаў менш, чым у 2010 годзе. Цяжкасці па камплектаванню груп па прафесіях машынабудавання, сельскай гаспадаркі, лёгкай прамысловасці ёсць ва ўсіх рэгіёнах.

На жаль, адбіваецца дэмаграфічная сітуацыя: выпуск гэтага года са школы на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі - 75 тыс. вучняў (у 2010 годзе - 88 тыс.), на ўзроўні базавай школы - 94 тыс. чалавек (у 2010 годзе - 99 тыс. чалавек). Колькасць выпускнікоў у агульнаадукацыйных установах будзе змяншацца і ў далейшым: у 2015 годзе - да 56 тыс. і 90 тыс. чалавек адпаведна.

ГАТОВЫ ДА ЗДАЧЫ? ЗАЎСЁДЫ ГАТОВЫ!

У 2011 годзе ў Беларусі будуецца 193 аб'екты адукацыі (у 2010 годзе іх было 159). Па плану, на гэтыя мэты выдзяляецца Br727,8 млрд. (з рэспубліканскага бюджэту - Br332,3 млрд., мясцовых бюджэтаў - Br356,5 млрд., іншых крыніц - Br39 млрд.). У гэтым годзе запланавана ўвесці ў строй 66 аб'ектаў адукацыі, у тым ліку 9 школ на 4,8 тыс. вучнёўскіх месц, 15 дзіцячых дашкольных устаноў на 2,4 тыс. месц, а таксама 18 жылых дамоў для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, 17 іншых аб'ектаў адукацыі (басейны і спартыўныя залы, стадыёны, кацельні, аб'екты энерга- і газазабеспячэння, стаянкі, лазнева-пральныя камбінаты, спальныя карпусы, сталовыя і г.д.)

Ужо ўведзены ў эксплутацыю студэнцкі інтэрнат нумар 9 на 1 тыс. месц для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.Танка агульнай плошчай памяшканняў 15,5 тыс.кв.м, корпус Б з комплексу будынкаў былога езуіцкага калегіума Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта агульнай плошчай 975,2 кв.м.

Да 1 верасня ў краіне ўступяць у строй 6 школ на 3,5 тыс. вучнёўскіх месц: школа-сад на 321/150 месц у в. Альшаны Столінскага раёна, пачатковая школа-сад на 48/12 месц у н.п. Тварычаўка Мазырскага раёна, агульнаадукацыйная школа на 930 вучнёўскіх месц у мікрараёне Вішнявец-3 у Гродне, сярэдняя школа нумар 43 на 1 тыс. месц з крытым басейнам у мікрараёне жылой забудовы Спадарожнік у Магілёве, сярэдняя агульнаадукацыйная школа на 1 тыс. вучнёўскіх месц у мікрараёне Дружба-2 Мінска і сярэдняя школа на 168 вучнёўскіх месц у в. Здзітава Бярозаўскага раёна.

КАДРЫ ВЫРАШАЮЦЬ УСЁ

З 24,5 тыс. прафесарска-педагагічных работнікаў вышэйшай школы амаль 9 тыс. дактары і кандыдаты навук і прыблізна столькі ж маюць вучоныя званні (8,6 тыс.). Мінадукацыі праводзіць сістэмную работу па павышэнню эфектыўнасці падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі ў аспірантуры і дактарантуры. Ва ўстановах міністэрства навучаюцца 2,6 тыс. аспірантаў і 43 дактаранты (па 221 спецыяльнасці 18 галін навукі). План прыёму ў аспірантуру і дактарантуру ў 2011 годзе павялічаны на 6 працэнтаў і 25 працэнтаў адпаведна (да 807 і 20 чалавек).

Немалую ролю адыгрываюць педагогі ў пытанні падрыхтоўкі школьнікаў да міжнародных алімпіяд. Гэтым летам дзеці заваявалі ўжо 21 медаль (2 залатыя, 9 сярэбраных і 10 бронзавых). Спецыяльна для настаўнікаў, якія рыхтуюць алімпіяднікаў, створаны банк даных педагогаў, вучні якіх дасягнулі высокіх вынікаў у розных інтэлектуальных спаборніцтвах. Цяпер у банку даных інфармацыя аб 86 настаўніках. З іх 7 настаўнікаў матэматыкі, 22 фізікі і астраноміі, 9 інфарматыкі, 18 хіміі і біялогіі, 21 гісторыі, грамадазнаўства, геаграфіі, 8 настаўнікаў рускай, беларускай, замежных моў і 1 настаўнік працоўнага навучання.

Да 1 верасня ўсе ўстановы адукацыі ўкамплектаваны неабходнымі педагагічнымі кадрамі, а гэта амаль 220 тыс. чалавек. Выпадкаў непрыбыцця маладых спецыялістаў па месцы размеркавання, як правіла, няма. У бягучым годзе размеркаванне на работу ва ўстановы адукацыі атрымалі 6,2 тыс. маладых спецыялістаў (у 2010 годзе - 5,4 тыс. чалавек). Большасць з іх з 15 жніўня пачнуць работу.

НЕАБХОДНАСЦЬ І КАМФОРТ

З улікам патрэбнасцей эканомікі ў кадрах, вырашэння сацыяльных задач і ў мэтах рацыянальнага выкарыстання матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў праводзіцца аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі. Апошнія гады штогод закрываюцца ў сярэднім 65 малакамплектных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У асноўным размова ідзе аб аварыйных аб'ектах, як правіла, у сельскай мясцовасці. Вядома, гэта не значыць, што парушаецца права дзяцей на адукацыю, а настаўнікаў - на працу, паколькі ўсе яны пераводзяцца ў суседнія базавыя і сярэднія школы, дзе навучальны працэс арганізаваны на больш высокім узроўні, а ўмовы - больш камфортныя.

Усе агульнаадукацыйныя ўстановы будуць поўнасцю забяспечаны неабходнымі падручнікамі і навучальнымі дапаможнікамі. Праблем з выданнем не прадбачыцца, цяпер работа ўсіх выдавецтваў і друкарняў ідзе па графіку. Да 1 верасня будзе выдадзена 150 назваў падручнікаў і навучальных дапаможнікаў (93 працэнты) тыражом 4,3 млн. экзэмпляраў (95 працэнтаў), у верасні - 10 , у лістападзе - 1 (навучальны дапаможнік "Кітайская мова, 6 клас" у 2-х частках). Традыцыйна 1 верасня ўсе першакласнікі атрымаюць навучальны дапаможнік "Беларусь - Мая Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку".

Плата за карыстанне падручнікамі не зменіцца. Як звычайна, бацькі аплацяць толькі частку сумы. У залежнасці ад класа яна складзе ад Br14,5 тыс. да Br41 тыс. Частка дзяцей, з ільготных катэгорый, ад платы за карыстанне падручнікамі будуць вызвалены. Для школ, з улікам запатрабаванасці, падрыхтавны дыск электронных версій падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для 1-11 класаў (на ім знаходзіцца запіс 135 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў). А з 1 верасня ў Беларусі пачнецца эксперымент па выкарыстанню нэтбукаў і планшэтаў у адукацыйным працэсе (7 гарадскіх і сельскіх школ і гімназій, а таксама ліцэй БДУ, усяго ў эксперыменце прымуць удзел амаль 160 дзяцей).

У гэтым годзе плануецца пашырыць спектр прадметаў у пачатковай школе, за якія не ставіцца адзнака. На працягу трох апошніх гадоў правялі эксперымент па невыстаўленню адзнак у 3-4 класах па навучальных прадметах "Музыка", "Выяўленчае мастацтва", "Працоўнае навучанне", "Фізічная культура і здароўе". Эксперымент даў станоўчыя вынікі, якія плануецца прымяніць у гэтым годзе ва ўсіх школах у 3-м класе, а з 2012/2013 навучальнага года - у 4-м (неабходная навучальна-метадычная база гатова).

Для падрыхтоўкі дзяцей да школы ў магазінах краіны ёсць усё неабходнае. Пакупнікам прапануецца 200 мадэлей адзення для дзяўчынак і 190 для хлопчыкаў, звыш 80 мадэлей ранцаў і рукзакоў. Кошт набору (адзенне, абутак, школьна-пісьмовыя прылады) пры мінімальнай гандлёвай нацэнцы (ад 5 працэнтаў да 30 працэнтаў): для малодшых школьнікаў - ад Br226 тыс. да Br1,356 млн., для старшакласнікаў - ад Br445 тыс. да Br1,603 млн. Продаж тавараў для школьнікаў забяспечваюць 7,5 тыс. аб'ектаў гандлю. З 15 ліпеня ва ўсіх рэгіёнах (у Мінску з 10 ліпеня) працуюць школьныя кірмашы. З 23 па 31 жніўня на плошчах выставачнага цэнтра "Белэкспа" будзе праведзена міжнародная спецыялізаваная выстаўка "Нашым дзецям". Арганізацыі гандлю прынялі рашэнні аб зніжэнні гандлёвых надбавак на тавары школьнага асартыменту, продажы тавараў у растэрміноўку і крэдыт, прадастаўленні скідак шматдзетным сем'ям.

У цэлым сістэма адукацыі ў Беларусі дае гарантаваны роўны доступ да ўсіх ступеней адукацыі і прад'яўляе адзіныя патрабаванні. Акрамя таго, у ёй прасочваецца пераемнасць усіх ступеней адукацыі. Прынята рашэнне правесці ў канцы жніўня рэспубліканскую нараду, на якой трэба будзе падрабязна прааналізаваць стан беларускай адукацыі і скаардынаваць дзейнасць адукацыйных устаноў.

Юлія БАРАДУН,
БЕЛТА.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі