Беларуская прамысловасць будаўнічых матэрыялаў прадстаўлена больш як 500 суб'ектамі гаспадарання, магутнасці якіх цяпер практычна поўнасцю забяспечваюць патрэбнасці нацыянальнага будкомплексу. У тым ліку больш за 120 прадпрыемстваў і прамысловых баз вырабляюць такія будаўнічыя матэрыялы, як цэмент, гранітны і даламітавы шчэбень, інертныя будматэрыялы, сценавыя і абліцовачныя матэрыялы, а менавіта керамічную плітку, цэглу, сілікатныя, керамічныя блокі і камень, а таксама матэрыялы з ячэістага бетону. Наладжаны выпуск ліставога паліраванага шкла і спецыяльных відаў шкла, будаўнічай вапны, бетонных і жалезабетонных вырабаў, у тым ліку для індустрыяльнага домабудавання, вырабаў з гіпсу, сухіх будаўнічых сумесей, цеплаізаляцыйных матэрыялаў і шмат іншага. Гэта значыць, можна з упэўненасцю сказаць, што ўсе самыя неабходныя базавыя матэрыялы для будаўніцтва ў нашай краіне ўжо вырабляюцца, прычым не толькі для патрэб унутраных спажыўцоў, але і на экспарт. Пры гэтым працэс мадэрнізацыі прадпрыемстваў будаўнічай галіны планамерна прадаўжаецца, асвойваецца вытворчасць новай прадукцыі, каб максімальна скараціць імпарт такіх тавараў. Якіх вынікаў удалося дасягнуць за кошт абнаўлення вытворчасцей расказаў карэспандэнту БЕЛТА міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч.
Асноўнае развіццё і мадэрнізацыя вытворчых магутнасцей айчынных прадпрыемстваў прыпалі на перыяд з 2006 па 2015 год, калі толькі на прамысловых арганізацыях сістэмы Мінбудархітэктуры было рэалізавана больш за 120 інвестыцыйных праектаў. Гэта ў свой час дазволіла значна павялічыць вытворчыя магутнасці па выпуску цэменту, сценавых і цеплаізаляцыйных будаўнічых матэрыялаў, ліставога паліраванага шкла і іншых матэрыялаў.
Сярод найбольш значных, рэалізаваных за апошні час, кіраўнік ведамства ў першую чаргу адзначыў два ўзаемазвязаныя паміж сабой інвестыцыйныя праекты. Гэта мадэрнізацыя дзеючай вытворчасці ААТ "Белгіпс" (праект быў рэалізаваны ў 2016 годзе) і будаўніцтва новага завода гэтага прадпрыемства па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў на аснове гіпсу ў пасёлку Гатава Мінскага раёна, якое было завершана ў маі 2019-га. Магутнасць гэтага завода - 30 млн. кв.м гіпсакардонных лістоў, 500 тыс. кв.м пазагрэбеневых пліт, 100 тыс. т сухіх будаўнічых сумесей, 8 тыс. т прэміксаў, 15 тыс. куб.м успучанага перліту ў год. Пры гэтым вытворчасць прэміксаў і ўспучанага перліту арганізавана ў краіне ўпершыню. "Увод новых магутнасцей дазволіў забяспечыць у поўным аб'ёме ўнутраны рынак гіпсакардоннымі лістамі, пры гэтым больш за 60 працэнтаў прадукцыі экспартуецца. Дарэчы, імпарт такой прадукцыі за 2020 год скараціўся на 18 працэнтаў, або амаль на 1 млн. кв.м у параўнанні з 2019 годам", - дадаў Руслан Пархамовіч.
Акрамя таго, у ААТ "Гомельшкло" была арганізавана вытворчасць па прамысловай перапрацоўцы шкла. І цяпер у рамках гэтага праекта на гомельскім прадпрыемстве наладжаны выпуск такіх новых для Беларусі відаў шкла, як ламініраванае, энергазберагальнае, сонцаахоўнае і шматфункцыянальнае шкло. Магутнасць тэхналагічнай лініі склала 8 млн кв.м шкла ў год. Дарэчы, энергазберагальнае шкло дазваляе вырашаць пытанні энергазберажэння празрыстых канструкцый будынкаў і збудаванняў як у краіне, так і за мяжой, паколькі больш за 80 працэнтаў вырабленай прадукцыі пастаўляецца на экспарт, а тэмп яго імпарту мае адмоўную дынаміку, зніжэнне склала каля 60 тыс. кв.м шкла. А дзякуючы рэалізацыі праекта ў ААТ "Шклозавод "Нёман" была створана вытворчасць новай для Беларусі інавацыйнай прадукцыі - цеплаізаляцыйных вырабаў са шклаваты, якія паспелі ўжо станоўча зарэкамендаваць сябе на рынках Еўропы, Украіны і Расіі. Цяпер гэта прадпрыемства праводзіць актыўную палітыку па павелічэнні сваёй прысутнасці і на ўнутраным рынку.
"Таксама нельга не ўзгадаць пра будаўніцтва трох новых тэхналагічных ліній па вытворчасці цэменту "сухім спосабам" у адкрытых акцыянерных таварыствах "Беларускі цэментны завод", "Крычаўцэментнашыфер" і "Краснасельскбудматэрыялы". Гэта былі найбольш значныя праекты ў сучаснай гісторыі будаўнічай галіны рэспублікі - па сутнасці, было пабудавана тры новыя цэментныя заводы сумарнай магутнасцю да 4,5 млн. т цэментавага клінкеру ў год. І калі параўноўваць 2020 год з годам, які папярэднічаў году ўводу новых ліній у эксплуатацыю, інакш кажучы 2011 год, то гадавы імпарт цэменту ў вартасным выражэнні знізіўся практычна на $12 млн", - расказаў міністр. Але на гэтым мадэрнізацыя цэментнай прамысловасці не спынілася, і цяпер заводамі праводзяцца энергазберагальныя мерапрыемствы па замяшчэнні імпартнага каменнага вугалю на айчынныя паліўна-энергетычныя рэсурсы (тарфяное паліва і ў перспектыве - спальванне RDF-паліва).
Кіраўнік Мінбудархітэктуры пры гэтым падкрэсліў, што, нягледзячы на ўсе праекты, якія дазваляюць істотна пашыраць лінейку выпускаемай прадукцыі, павелічэнне прысутнасці айчынных будаўнічых матэрыялаў на рынку рэспублікі - адказная задача, якую міністэрства прадаўжае вырашаць і робіць гэта пастаянна. Так, сярод найбольш значных для айчыннай будгаліны праектаў, рэалізацыя якіх вядзецца цяпер, ён адзначыў стварэнне вытворчасці шкляной тары з выкарыстаннем інавацыйных энергаэфектыўных і рэсурсазберагальных тэхналогій у ААТ "Гродзенскі шклозавод" (імпарт гэтай прадукцыі за 2020 год склаў $21,7 млн), пашырэнне выпуску і наменклатуры керамічнай пліткі ў ААТ "Бярозабудматэрыялы" (у мінулым годзе было імпартавана такіх тавараў на суму каля $47 млн), а таксама распрацоўка вырабаў з медыцынскага шкла - ампулы і флаконы - у ААТ "Белмедшкло". Цяпер імпарт ампул складае каля $5 млн.
"Павелічэнне вытворчых магутнасцей нашых прадпрыемстваў накіравана не на паўсюднае замяшчэнне імпарту, а на забеспячэнне ўнутранага попыту сучаснымі, якаснымі будаўнічымі матэрыяламі, якія з'яўляюцца канкурэнтаздольнымі як на ўнутраным рынку рэспублікі, так і за яе межамі", - рэзюмаваў Руслан Пархамовіч.
БЕЛТА.-0-