Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
04 снежня 2020, 16:40
Ірына Талкачова

Як будуць працаваць паліклінікі ў другую хвалю COVID-19

Ірына Талкачова
Выконваючая абавязкі начальніка аддзела першаснай медыцынскай дапамогі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама

Вясной, у час першай хвалі COVID-19, установы аховы здароўя часова змянілі рэжым работы. Аказанне планавай меддапамогі ў бальніцах і паліклініках у той перыяд максімальна было абмежавана. Такія карэктывы былі чаканымі і ў другую хвалю каранавіруса. Рашэннем камітэта па ахове здароўя з 4 снежня мінскія паліклінікі спынілі аказанне планавай медыцынскай дапамогі. Як цяпер будуць працаваць амбулаторна-паліклінічныя ўстановы сталіцы, расказала карэспандэнту БЕЛТА выконваючая абавязкі начальніка аддзела першаснай медыцынскай дапамогі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Ірына Талкачова.

Прыярытэт - дапамога дома

Разам са спыненнем планавай меддапамогі ў паліклініках акцэнт зрушваецца на яе аказанне пацыентам дома. У першую чаргу гэта датычыцца пажылога насельніцтва, пацыентаў з хранічнымі захворваннямі, людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У гэты няпросты эпідэмічны перыяд ім і наогул лепш адмовіцца ад наведвання мнагалюдных месцаў, у тым ліку паліклінік, каб лішні раз не падвяргаць сябе небяспецы заразіцца.

Каб не наведваць паліклініку толькі з мэтай выпіскі рэцэпта, яго можна заказаць па тэлефоне. Рэцэпты выпісваюцца дыстанцыйна пацыентам са стабільным ходам хранічных захворванняў па-за фазай абвастрэння на перыяд да 6 месяцаў. Для гэтага чалавеку трэба пазваніць па тэлефоне кантакт-цэнтра паліклінікі па месцы жыхарства, а сярэдні медыцынскі персанал або валанцёры даставяць яго дадому.

Пры неабходнасці аналіз крыві і іншыя лабараторныя і функцыянальныя даследаванні, у тым ліку ЭКГ, медперсанал таксама зробіць дома.

Часовае перафармаціраванне работы паліклінік дасць магчымасць пазбегнуць вялікай колькасці людзей у чэргах. Асабліва важна знізіць рызыку для пажылых, на іх у многіх паліклініках, дарэчы, прыпадае да 34 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва, якое абслугоўваецца. Гэта адносіцца, у прыватнасці, да 27-й паліклінікі Першамайскага раёна, 29-й - Кастрычніцкага, 34-й цэнтральнай раённай паліклінікі Савецкага раёна.

Для выезду да пацыентаў з COVID-19 і хворых з тэмпературай у паліклініках створаны кантактныя брыгады, куды ўваходзяць або ўрач і медсястра, або памочнік урача і медсястра. Медыцынскія работнікі выязджаюць дадому да пацыентаў, бяруць назафарынгеальныя мазкі, аглядаюць, назначаюць лячэнне і пры неабходнасці выдаюць бальнічны ліст. Такая арганізацыя работы дае магчымасць палепшыць даступнасць медыцынскай дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй і кантактам першага ўзроўню.

Пацыенты з хранічнымі захворваннямі без увагі не застануцца

Пацыенты з хранічнымі захворваннямі, у тым ліку сардэчна-сасудзістымі, неўралагічнымі, эндакрыналагічнымі, без увагі таксама не застануцца. Пры неабходнасці да іх дадому выедзе ўрач агульнай практыкі або ўчастковы ўрач-тэрапеўт.

"Калі ў чалавека няма тэмпературы, але з'явіліся, напрыклад, праблемы з сэрцам, яму не трэба ісці ў паліклініку, а трэба пазваніць у кол-цэнтр або кантактны цэнтр паліклінікі. Падрыхтаваныя спецыялісты, у якіх ёсць алгарытм апытання, высветляць прычыну звароту і накіруюць урача або брыгаду. Такія пацыенты не застануцца без спецыялізаванай меддапамогі", - адзначыла Ірына Талкачова.

Разам з гэтым узмоцнена работа кансультацыйных кабінетаў у гарадскіх клінічных бальніцах. Там будуць прымаць профільных пацыентаў па накіраваннях урачоў гарадскіх паліклінік. Напрыклад, афтальмалагічную дапамогу акажуць у 3-й і 10-й бальніцах, отарыналарынгалагічную - у 4-й гарадской клінічнай бальніцы. Акрамя таго, прадаўжаюць функцыянаваць раённыя кардыялагічныя цэнтры. Прымае пацыентаў Мінскі клінічны дыягнастычны цэнтр.

Калі пацыенту будзе патрэбна кансультацыя ўрача-спецыяліста, напрыклад кардыёлага, тэрапеўт або ўрач агульнай практыкі, які прыбыў дадому, дасць накіраванне на кансультацыю ў раённы кардыялагічны цэнтр, а ў складаных выпадках адтуль могуць накіраваць у гарадскі кардыялагічны цэнтр, што знаходзіцца на базе 2-й гарадской клінічнай бальніцы.

Выклікаць урача амбулаторна-паліклінічнай установы цяпер можна да 18.00. Пасля гэтага часу нагрузка прыпадае на хуткую дапамогу.

Разам з тым паліклінікі прадоўжаць аказваць траўматолага-хірургічную дапамогу, паколькі ў зімовы перыяд верагоднасць атрымання такіх траўмаў павялічваецца. Пад наглядам застаюцца і цяжарныя жанчыны, хоць і скарочана колькасць наведванняў жаночых кансультацый. Пры гэтым будуць улічвацца індывідуальныя фактары рызыкі па перынатальных і мацярынскіх ускладненнях. Школы па падрыхтоўцы да цяжарнасці і родаў будуць працаваць у анлайн-фармаце.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі