Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
10 студзеня 2012, 17:11

Хто дае штуршок запаволенай інфляцыі?

Павышэнне базавай велічыні не павінна правакаваць рост цэн


Калядны тыдзень падарыў адзін цікавы сюжэт на тэму ўзаемадзеяння ўлады і грамадства ў Беларусі. На зыходзе адыходзячага года Савет Міністраў прыняў рашэнне павялічыць з 1 красавіка 2012 года памер базавай велічыні да Br100 тыс. з цяперашніх Br35 тыс., устаноўленых яшчэ ў 2007 годзе. За ўвесь гэты час памер БВ не пераглядаўся, хоць па першапачатковай задуме павінен быў кожны год індэксавацца на каэфіцыент інфляцыі.


Краіна даведалася пра гэту навіну ў першы рабочы дзень студзеня, а ўжо назаўтра ў рэдакцыях беларускіх СМІ вывучалі разасланую па электроннай пошце петыцыю, накіраваную ва ўрад Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва і Мінскім сталічным саюзам прадпрымальнікаў і работадаўцаў.


Прадпрымальнікі білі трывогу і прасілі ўрад перагледзець сваё рашэнне адносна БВ. Адкладзём пакуль убок меркаванне, што ніводны ўрад у свеце не любіць адпрацоўваць назад, тым самым распісваючыся ў некампетэнтнасці. Унікнем у аргументы беларускіх бізнесменаў. На базавую велічыню ў нас у краіне непасрэдна завязаны памеры штрафаў, натарыяльных і дзяржпошлін, стаўкі арэнднай платы. Апошняе найбольш непакоіла прадпрымальнікаў. На думку прадстаўнікоў дзелавых колаў, трохкратнае павелічэнне стаўкі базавай велічыні аўтаматычна прывядзе да росту ў тры разы кошту арэнднай платы. Што непазбежна пацягне за сабой рост цэн на тавары і паслугі.


Наогул, прадпрымальнікам не прывыкаць перакладваць свае дадатковыя затраты на спажыўца. Але сёння многія дамашнія гаспадаркі Беларусі пераглядаюць структуру сямейных бюджэтаў, і плацежаздольны попыт на нехарчовыя тавары і паслугі аб'ектыўна зніжаецца. У гэтай сітуацыі прадпрымальнікі бачаць прамую пагрозу сваім даходам. Вось што, уласна, чытаецца паміж радкамі пісьма бізнесменаў.


Заўважым, што базавая велічыня заўсёды была адміністрацыйнай катэгорыяй, а не эканамічнай. У 2002 годзе яе ўвялі, каб было ад чаго плясаць, вызначаючы памер штрафаў і пошлін. Раней адпаведныя плацяжы прывязваліся да мінімальнай заработнай платы. Устанавілі БВ у рублях, а не ў валюце, таму што ўпісваць у нарматыўныя дакументы тэрмін  "умоўная адзінка" было б зусім ужо канфузам.


Але за 2007-2011 гады цэны выраслі ў тры разы, за імі падцягваліся зарплаты, адпаведна раслі і абароты юрыдычных асоб. На фоне сённяшніх цэн ранейшыя велічыні штрафаў сталі анахранізмам. Да гэтага часу ў сталічным грамадскім транспарце дзейнічае смешны штраф за безбілетны праезд велічынёй  Br7 тыс. (0,2 БВ).


Думка аб тым, што павышэнне базавай велічыні ў тры разы можа справакаваць рост цэн, магла б стаць важкай, калі б не адно "але", аб якім у прадпрымальніцкіх колах добра ведаюць. Разуменне, што стаўкі арэнднай платы трэба адвязаць ад базавай велічыні, існуе ў саўмінаўскіх кабінетах ужо даўно. І часавы лаг тры месяцы (новы ўзровень базавай велічыні пачынае дзейнічаць з 1 красавіка 2012 года) - зусім не выпадковы.


"Падрыхтаваны ўжо і практычна ўзгоднены з усімі зацікаўленымі бакамі праект змяненняў ва ўказ нумар 518, які прадугледжвае ўвядзенне паняцця "базавая велічыня арэнднай платы", - гаворыць саветнік па эканамічных пытаннях Рэспубліканскага фонду садзейнічання развіццю прадпрымальніцтва Таццяна Быкава. - Прычым на першы квартал 2012 года яна будзе ўстаноўлена ў памеры Br35 тыс. Да 1 красавіка бягучага года будзе праведзена індэксацыя з улікам інфляцыі за мінулы год. У далейшым такая індэксацыя будзе праводзіцца штогод. Рост арэнднай платы на плошчы, што здаюцца ў арэнду дзяржавай, адбудзецца, але не ў такой меры, як апасаюцца прадстаўнікі саюзаў і як гэта адбылося ў прыватным сектары (дзе стаўкі прывязаны да долара або еўра). У гэтым выпадку пазітыўны момант я бачу ў тым, што аб новаўвядзеннях урад аб'явіў загадзя. І даў час падрыхтавацца дзелавым колам. У адрозненне ад практыкі мінулых гадоў, калі прадпрымальнікаў проста ставілі перад фактам нейкіх прававых новаўвядзенняў".


На думку Таццяны Быкавай, рэальна наспела іншая праблема. Патрабуе перагляду сама сістэма штрафных санкцый, лічыць яна. Дзеючае заканадаўства дае магчымасць за адно і тое ж правапарушэнне накласці штраф і на суб'ект гаспадарання, і на кіраўніка прадпрыемства. Сучаснай прававой практыцы больш адпавядала б схема, калі штрафныя санкцыі прымяняюцца, напрыклад, адносна суб'екта гаспадарання, які затым мае магчымасць прад'явіць рэгрэсны іск да непасрэднага віноўніка правапарушэння, лічыць эксперт.


Сумятню, якая пануе цяпер у розумах і ў СМІ наконт павышэння базавай велічыні, лёгка можна было папярэдзіць. Што перашкаджала адказнаму чыноўніку з Мінфіна або Мінэканомікі своечасова з'явіцца перад публікай і раскласці па паліцах сутнасць рашэння, зняць трывогі і апасенні?


Але інфармацыйны вакуум пустаты не церпіць. І запаўняецца абы чым, у першую чаргу чуткамі...


Ігар ФІЛІПЕНКА

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі