Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
24 сакавіка 2017, 12:08
Ігар Гатальскі

Бяспечна на вуліцы і дома: у МУС расказалі, як без праблем правесці вясеннія канікулы

Ігар Гатальскі
Начальнік арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў

На канікулах, а ў Беларусі хутка пачнуцца вясеннія, у дзяцей з'яўляецца больш вольнага часу. А ў бацькоў - клопатаў аб тым, як уберагчы іх ад небяспечнасцей, якія падсцерагаюць на вуліцы і нават дома. Што, напрыклад, рабіць дзіцяці, калі дарослых няма, а дзверы просяць адкрыць незнаёмыя людзі? Да каго звяртацца па дапамогу, калі сутыкнуўся з хуліганам? І як бацькам падрыхтаваць да сезона юнага веласіпедыста? На гэтыя і іншыя асабліва актуальныя напярэдадні канікулаў пытанні карэспандэнту БЕЛТА адказаў начальнік арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Ігар Гатальскі.

Спецыялісты рэкамендуюць бацькам абмеркаваць з дзіцем магчымы алгарытм дзеянняў у небяспечнай сітуацыі. Напрыклад, бацька і маці на рабоце - і раптам званок у дзверы. Што рабіць? Ігар Гатальскі падкрэслівае: у дзяцей павінна быць дакладная ўстаноўка - незнаёмым адкрываць нельга. "Можна нават завучыць некалькі фраз, якія дзіця будзе гаварыць у такіх сітуацыях. Напрыклад, "бацькі хутка прыйдуць і тады адкрыюць дзверы", "я гэтага зрабіць не магу, няма ключа" і г.д.", - адзначыў ён.

Некаторыя бацькі і маці, дарэчы, так і робяць - замыкаюць дзяцей у кватэры, каб яны не маглі самастойна адкрыць дзверы. З пункту гледжання пажарнай бяспекі гэта няправільнае рашэнне, адзначыў Ігар Гатальскі. Калі ў кватэры задымленне, то першае, што павінна зрабіць дзіця, - выбегчы на вуліцу. Гэты момант таксама трэба агаварыць. "Яно павінна разумець, што, толькі апынуўшыся на вуліцы, трэба пачынаць званіць бацькам, суседзям, пажарным. На жаль, бывае і так, што дзеці або імкнуцца самі патушыць агонь, або хаваюцца ў кватэры", - канстатаваў прадстаўнік МУС.

На канікулах дзеці праводзяць больш часу не дома. І тут дзейнічаюць падобныя правілы - з незнаёмцамі не размаўляць, гуляць па людных асветленых вуліцах. "У выпадку небяспекі лепш забегчы ў якую-небудзь установу, хаця б у магазін, і папрасіць там дапамогі. У ідэале - звярнуцца да чалавека ў форме. Гэта можа быць не толькі міліцыянер, але і ваенны, прадстаўнік МНС, нават супрацоўнік газавай службы, адным словам, чалавек пры выкананні службовых абавязкаў. Калі ўсё адбываецца ў бязлюдным месцы, неабходна прыцягваць да сябе ўвагу ўсімі магчымымі спосабамі, гучна крычаць, напрыклад", - расказаў спецыяліст.

Канікулы - гэта яшчэ адна падстава, каб нагадаць дзецям аб правілах паводзін на дарозе. Падрабязней Ігар Гатальскі спыніўся на падрыхтоўцы юных веласіпедыстаў і іх двухколавых "сяброў". Трэба правесці своеасаблівы тэхагляд веласіпеда, праверыць тармазы і рулявое кіраванне, наладзіць яго, калі гэта яшчэ не зроблена, устанавіць люстэрка задняга віду, гукавы сігнал. Акрамя таго, на веласіпедзе абавязкова павінны быць святловяртальныя элементы: наперадзе белага колеру, ззаду - чырвонага, а па баках - аранжавага. У цёмны час сутак на веласіпедзе павінен быць уключаны ліхтар: белы наперадзе і чырвоны ззаду. Субяседнік адзначыў, што ў Беларусі самастойна кіраваць веласіпедам можна з 14 гадоў. Але бацькам трэба ўлічваць і індывідуальныя асаблівасці свайго дзіцяці, ці дастаткова яно ўважлівае, каб удзельнічаць у дарожным руху. У МУС нагадалі, што веласіпедыст па правілах павінен рухацца па тратуары, абочыне, пешаходнай або веласіпеднай дарожцы, не ствараючы небяспекі для пешаходаў. Калі іншай магчымасці, акрамя як ехаць па праезнай частцы, няма, то веласіпедыст павінен рухацца па правым баку дарогі на адлегласці не больш за 1 м ад яе краю. Сярод падлеткаў цяпер папулярны таксама скутары, кіраваць імі можна з 16 гадоў. І ў гэтым выпадку правілы практычна такія ж, як для аўтааматараў. У скутарыста павінна быць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі АМ, страхоўка, сертыфікат тэхагляду, пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі. Выязджаць на дарогу можна толькі ў шлеме.

Яшчэ адзін важны аспект - бяспека непаўналетніх у інтэрнэце. "Цяпер, нават седзячы дома за камп'ютарам, знаходзячыся пад наглядам бацькоў, дзіця можа стаць ахвярай махляроў або трапіць пад нечы дрэнны ўплыў", - адзначыў Ігар Гатальскі. Міліцыя праводзіць у гэтым плане прафілактычную работу. Аднак асноўная адказнасць ляжыць усё ж такі на бацьках. Яны павінны кантраляваць, чым займаецца іх дзіця ў інтэрнэце. Магчымасці для гэтага ёсць - ад праграмнага забеспячэння бацькоўскага кантролю да простага прагляду гісторыі наведвання сайтаў і абмежавання часу, якое дзіця праводзіць у сетцы. Спецыялісты рэкамендуюць бацькам не ігнараваць такія трывожныя прыкметы, як рэзкая змена настрою, апатыя або зніжэнне паспяховасці, і пры неабходнасці звяртацца да псіхолагаў.

Падлеткі і самі ўсё часцей сталі ўчыняць правапарушэнні, звязаныя з выкарыстаннем высокіх тэхналогій. Калі раней фіксаваліся адзінкавыя выпадкі, то, напрыклад, у 2016 годзе іх было ўжо 48, а за два месяцы бягучага - 17. Напрыклад, падлеткі праз сацсеткі выманьваюць рэквізіты банкаўскіх картак, з якіх потым здымаюць грошы. Што датычыцца дзіцячай і падлеткавай злачыннасці ў цэлым, то ў Беларусі назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да яе зніжэння, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. У разы зменшылася колькасць правапарушэнняў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, дзякуючы рэалізацыі дэкрэта нумар 6.

У час канікулаў колькасць правапарушэнняў, што ўчыняюць дзеці і падлеткі, як правіла, крыху павялічваецца. Інспектары па справах непаўналетніх у гэты час пераходзяць на своеасаблівы ўзмоцнены рэжым нясення службы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца дыскатэкам і клубам - у Беларусі дзецям да 16 гадоў нельга быць на вуліцы і ў іншых грамадскіх месцах без суправаджэння дарослых з 23.00 да 6.00. На кантролі таксама гандлёвыя кропкі - наконт пытання выканання забароны прадаваць дзецям і падлеткам цыгарэты і спіртное. Супрацоўнікі міліцыі ў гэты час заўсёды прымаюць дадатковыя меры кантролю за вольным часам падлеткаў. У першую чаргу тых, хто ўжо раней трапляў у поле зроку праваахоўнікаў. "Падлеткі ўчыняюць прыкладна 3 працэнты злачынстваў ад іх агульнай колькасці. Пераважаюць крадзяжы і хуліганствы. Лічба, можа, і не вельмі вялікая. Але мы прыкладаем максімум намаганняў, каб яе знізіць. Паколькі ад падрастаючага пакалення залежыць, наколькі спакойнай і кантралюемай будзе крымінагенная абстаноўка ў краіне ў будучым", - рэзюмаваў Ігар Гатальскі.

Святлана САЎКО

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі