Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
20 лістапада 2018, 11:25
Міхаіл Мясніковіч

Беларусь настроена весці паўнацэнную еўрапейскую палітыку

Міхаіл Мясніковіч
Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі

Вынікі нядаўняга візіту старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча ў Францыю і сустрэчы з прэзідэнтам Сената Жэрарам Ларшэ ўсяляюць аптымізм наконт развіцця беларуска-еўрапейскіх адносін. Бакі дэманструюць гатоўнасць прыслухоўвацца да пазіцыі адзін аднаго, актывізаваць узаемны гандаль, умацоўваць гуманітарныя кантакты. Кіраўнік верхняй палаты парламента ў эксклюзіўным каментарыі карэспандэнту БЕЛТА раскрыў некаторыя дэталі парыжскіх перагавораў і расказаў, як парламентарыі будуць садзейнічаць развіццю еўрапейскага вектара беларускай палітыкі.

Міхаіл Мясніковіч перакананы, што перад Беларуссю адкрываюцца добрыя перспектывы ў супрацоўніцтве з Еўропай, якое будзе развівацца не на шкоду адносінам з традыцыйнымі партнёрамі. У час сустрэчы прэзідэнт Сената Францыі цікавіўся, як Беларусь на фоне актывізацыі кантактаў з ЕС выбудоўвае ўзаемаадносіны з Расійскай Федэрацыяй. Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў, што Расія - гэта стратэгічны партнёр Беларусі. "Пазіцыі супрацоўніцтва з Расіяй не будуць аслабляцца. Работа на еўрапейскім вектары не на шкоду расійскаму", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

У час сустрэчы абмяркоўваліся таксама перспектывы ўзаемадзеяння Беларусі з еўрапейскімі парламенцкімі арганізацыямі, перш за ўсё ПАСЕ, ПА АБСЕ. Савет Рэспублікі мае намер больш актыўна працаваць з гэтымі структурамі, больш эфектыўна выкарыстоўваць двухбаковыя кантакты з еўрапейскімі калегамі. Міхаіл Мясніковіч расказаў Жэрару Ларшэ аб сітуацыі ў Беларусі, адказаў на яго пытанні аб знешняй і ўнутранай палітыцы краіны, у тым ліку ў частцы забеспячэння дэмакратычных свабод. Атрыманыя ў час сустрэчы з беларускім калегам звесткі Жэрар Ларшэ мае намер выкарыстоўваць на міжнародных пляцоўках, каб садзейнічаць інтарэсам Беларусі.

Кіраўнікі верхніх палат парламентаў канстатавалі, што няхватка аб'ектыўнай інфармацыі перашкаджае нармальнаму канструктыўнаму развіццю дыялогу. Так, Міхаіл Мясніковіч у гутарцы з Жэрарам Ларшэ звярнуў увагу на не заўсёды аб'ектыўную і няпоўную інфармацыю спецдакладчыкаў аб стане спраў у Беларусі. Беларускія і французскія сенатары дамовіліся выпраўляць сітуацыю парламенцкімі інструментамі. У сувязі з гэтым асаблівае значэнне набывае стварэнне ў 2018 годзе ў Савеце Рэспублікі і Сенаце Францыі груп дружбы. Гэта адбылося ўпершыню з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі, і парламентарыі ўскладаюць на работу груп вялікія надзеі.

"У Сенаце Францыі настроены на канструктыўнае і эфектыўнае супрацоўніцтва. Беларускія парламентарыі сваю задачу бачаць у тым, каб не зніжаць набраных тэмпаў, каб дасягнутыя дамоўленасці атрымалі дадатковае развіццё. Такіх кантактаў павінна быць больш, - перакананы Міхаіл Мясніковіч. - Мы павінны прырастаць супрацоўніцтвам і такім чынам весці паўнацэнную еўрапейскую палітыку". Пры гэтым у Беларусі зацікаўлены прымаць больш еўрапейскіх дэлегацый як на высокім прадстаўніцкім узроўні, так і радавых спецыялістаў, экспертаў. Пагутарыўшы з калегамі, яны змогуць устанавіць надзейныя прафесійныя кантакты.

У ліку прыярытэтаў узаемадзеяння парламенты Беларусі і Францыі абазначылі садзейнічанне развіццю эканамічнага супрацоўніцтва ў апрацоўчай прамысловасці, у тым ліку харчовай, сельскай гаспадарцы, прыцягненні французскіх інвестыцый у развіццё эканамічных праектаў у Беларусі шляхам стварэння сумесных вытворчасцей і французскіх кампаній. На сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі і прэзідэнта Сената Францыі абмяркоўваліся ў прыватнасці пытанні, звязаныя з машынабудаваннем. "Асаблівая ўвага была ўдзелена вытворчасці аўтакампанентаў. Размова ішла аб перспектывах іх выпуску не толькі для беларускага рынку, але і для французскіх канцэрнаў", - сказаў Міхаіл Мясніковіч. Бакі зацікаўлены ў глыбокай кааперацыі ў мэблевай вытворчасці, мікраэлектроніцы і іншых сферах.

У цэлым свой візіт у Францыю старшыня Савета Рэспублікі ацэньвае як паспяховы, які апраўдаў чаканні. На палях урачыстай цырымоніі святкавання стагоддзя з дня падпісання перамір'я 1918 года, якая адбылася каля Трыумфальнай аркі ў Парыжы, у час іншых афіцыйных мерапрыемстваў абмяркоўваліся тактычныя пытанні - замацаванне раней дасягнутых дамоўленасцей, шляхі для актывізацыі супрацоўніцтва. "Партнёры дэманструюць карэктнае і паважлівае стаўленне да Беларусі. У гэтым асноўная заслуга беларускага лідара - Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, актыўная пазіцыя якога не застаецца незаўважанай у палітычных колах", - рэзюмаваў старшыня Савета Рэспублікі.

Святлана САЎКО

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі