Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
13 студзеня 2015, 12:23

Алена Прус: У Беларусі новую штомесячную дапамогу ў памеры 50 працэнтаў БПМ у 2015 годзе атрымаюць больш як 170 тыс. дзяцей

У Беларусі з 1 студзеня бягучага года ўступіў у сілу ўказ "Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей". Яго галоўныя навацыі - сямейны капітал і новая штомесячная дзіцячая дапамога, а таксама працэнтная стаўка ў памеры 5 працэнтаў гадавых за карыстанне льготнымі крэдытамі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, якія прадастаўляюцца ААТ "Ашчадны банк "Беларусбанк" маладым сем'ям з двума непаўналетнімі дзецьмі. Што датычыцца сямейнага капіталу, то аб гэтай стратэгічнай меры дзяржпадтрымкі гаворыцца многа і часта (і гэта абсалютна апраўдана), але на гэтым фоне апынулася ў інфармацыйным цені новая дапамога. А гэта ж мера бягучай падтрымкі сем'яў з дзецьмі, адно з якіх ва ўзросце да 3 гадоў, вельмі важная. Як правіла, у сувязі з доглядам малалетняга дзіцяці адзін з бацькоў не працуе, такім чынам, даход сям'і складваецца з зарплаты аднаго з бацькоў (калі ён працуе) і дзіцячай дапамогі на дзіця ва ўзросце да 3 гадоў. Дадатковая дзярждапамога з'яўляецца істотнай падтрымкай для сем'яў, часткова кампенсуючы страчаны заработак аднаго з бацькоў. Немалаважна, што права на назначэнне дапамогі не залежыць ад даты нараджэння дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (да 1 студзеня 2015 года або пасля гэтай даты) і ад занятасці, і даходаў бацькоў, апекуна (папячыцеля).


Памер новай штомесячнай дапамогі - 50 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ з 1 лістапада 2014 года па 31 студзеня 2015 года ў разліку на месяц складае Br1 млн 396 тыс.). Як растлумачылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, пры выхаванні дваіх і больш дзяцей назначаецца і выплачваецца адна дапамога на сям'ю. Паводле ацэнкі, новую штомесячную дапамогу ў 2015 годзе атрымаюць больш як 170 тыс. дзяцей. Ужо ёсць першыя звароты за гэтай дапамогай.


Права на гэту дапамогу маюць маці (мачаха) або бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), апякун (папячыцель), якія выхоўваюць адначасова дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў і ад 3 да 18 гадоў.


Апякун (папячыцель) мае права на дапамогу, калі апека (папячыцельства) устаноўлена над дзіцем (дзецьмі) ва ўзросце да 3 гадоў і ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, пры ўмове, што ні адзін са старэйшых дзяцей не знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні.


Тым, хто мае права і на дапамогу на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў, назначаецца адзін від дапамогі на іх выбар.


Новая дапамога назначаецца камісіямі па назначэнні дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, і дапамог па часовай непрацаздольнасці па месцы атрымання маці (мачахай), бацькам (айчымам), усынавiцелем (удачарыцелем), апекуном (папячыцелем) дзяцей дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.


Калі дапамогу па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў атрымлівае іншы сваяк або член сям'і, які знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гады, то дапамога назначаецца маці (мачысе) або бацьку (айчыму), усынавіцелю (удачарыцелю) у парадку, устаноўленым законам "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей": якія працуюць у арганізацыі з колькасцю работнікаў звыш 15 чалавек - па месцы работы; працуюць у арганізацыі з колькасцю работнікаў менш як 15 чалавек - у органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне па месцы жыхарства (месцы знаходжання); атрымліваюць адукацыю на дзённай форме навучання - па месцы вучобы; з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, адвакатамі, натарыусамі, рамеснікамі - у органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне па месцы жыхарства (месцы знаходжання).


Парадак і ўмовы назначэння і выплаты новай дапамогі рэгулююцца заканадаўствам аб дапамозе па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Такім чынам, для назначэння дапамогі прадстаўляюцца наступныя дакументы: заява; пашпарт або іншы дакумент, які засведчвае асобу; пасведчанні аб нараджэнні дзяцей; копія рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні); копія рашэння мясцовага выканаўчага і распарадчага органа аб устанаўленні апекі (папячыцельства); пасведчанне аб заключэнні шлюбу - у выпадку, калі заяўнік знаходзіцца ў шлюбе; копія рашэння суда аб скасаванні шлюбу або пасведчанне аб скасаванні шлюбу ці іншы дакумент, які пацвярджае катэгорыю няпоўнай сям'і, - для няпоўных сем'яў; выпіскі (копіі) з працоўных кніжак бацькоў (усынавiцеляў, апекуноў) або іншыя дакументы, што пацвярджаюць іх занятасць, - у выпадку неабходнасці вызначэння месца назначэння дапамогі; даведка аб тым, што грамадзянін з'яўляецца навучэнцам, - прадстаўляецца на адно дзіця старэйшае за 3 гады.


Камісіі па назначэнні дапамог дадаткова запытваюць даведку аб месцы жыхарства і складзе сям'і або копію асабовага рахунку. Дарэчы, такая даведка (копія асабовага рахунку) можа быць прадстаўлена грамадзянінам самастойна. Прычым калі ў справе атрымальніка дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў часткова змяшчаюцца патрэбныя для назначэння новай дапамогі дакументы і не завяршыўся тэрмін іх дзеяння, паўторнае іх прадастаўленне не патрабуецца.


Права на зварот за назначэннем дапамогі ўзнікае з 1 студзеня 2015 года. Для падачы заявы i неабходных дакументаў устаноўлены 6-месячны тэрмін з дня ўзнікнення права на дапамогу. Калі гэты тэрмін завяршыўся, то дапамога назначаецца з даты звароту.


Такім чынам, калі ў сям'і выхоўваецца дзіця ва ўзросце да 3 гадоў, народжанае да 1 студзеня 2015 года, звяртацца за назначэннем дапамогі неабходна не пазней за 30 чэрвеня 2015 года. У такім выпадку дапамога будзе назначана за ўвесь перыяд, пачынаючы з 1 студзеня 2015 года. Калі ў сям'і дзіця народзіцца пасля 1 студзеня 2015 года, звяртацца за назначэннем дапамогі неабходна не пазней за 6 месяцаў з даты нараджэння дзіцяці.


На выплату новай штомесячнай дапамогі на 2015 год прадугледжана Br1,6 трлн.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі