Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
27 кастрычніка 2017, 19:47

На ўсходзе Украіны павялічылася колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню - Сайдзік

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На ўсходзе Украіны павялічылася колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню, заявіў сёння журналістам спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе Марцін Сайдзік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Перагаворы трохбаковай кантактнай групы прайшлі сёння ў Мінску. Выступаючы пасля пасяджэння, Марцін Сайдзік адзначыў, што ў пачатку тыдня істотна ўзрасла колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню. "Асабліва павялічылася іх колькасць у раёне Аўдзееўкі, Ясінаватай і Данецкага аэрапорта. Улічваючы гэта, менавіта пытанне рэжыму спынення агню стала сёння першачарговым - як для рабочай групы па бяспецы, так і ўсёй трохбаковай групы", - сказаў спецпрадстаўнік АБСЕ.

Ён таксама асабіста заклікаў бакі пацвердзіць сваю прыхільнасць да перамір'я, аб'яўленага трохбаковай кантактнай групай у сувязі з пачаткам навучальнага года. "Заклікаю вярнуцца да раней прынятых абавязацельстваў па адвядзенні цяжкага ўзбраення, а таксама забеспячэнні бесперабойнага і бяспечнага доступу СММ АБСЕ па ўсёй тэрыторыі канфлікту", - дадаў Марцін Сайдзік.

Як і раней, у гуманітарнай групе асноўная ўвага была ўдзелена абмену затрыманых асоб і выдачы дакументаў раней вызваленым. "Напярэдадні свайго візіту ў Луганскую вобласць каардынатар групы пасол Тоні Фрыш заклікаў да гуманнага абыходжання з затрыманымі, - паведаміў Марцін Сайдзік. - Я ж асабіста заклікаю бакі прадэманстраваць гуманнасць і зрабіць усё магчымае для вызвалення затрыманых да навагодніх і калядных свят".

Удзельнікі эканамічнай рабочай групы разгледзелі магчымасці пагашэння запазычанасці былым работнікам Украінскай чыгункі ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей (АРДВ і АРЛВ). Акрамя таго, група ўдзяліла ўвагу тэме водазабеспячэння і забеспячэння бяспекі жыццёва важнай інфраструктуры. Таксама ўзгоднены перагаворы аб будучых пастаўках вады ў сістэме "Карбаніт", якія пачнуцца ў бліжэйшыя дні.

Палітычная рабочая група абмеркавала пытанні, звязаныя з так званай формулай Штайнмаера, у кантэксце падоўжанага дзеяння закона аб асаблівым статусе АРДВ і АРЛВ і перагавораў у "нармандскім фармаце".

Наступная сустрэча трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны адбудзецца ў Мінску 15 лістапада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі