17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сорак два чалавекі загінулі ў ходзе авіяўдару па мячэці ў сірыйскай вёсцы Аль-Джына ў правінцыі Алепа, паведамляе Бі-бі-сі.
"У ходзе рэйду неапазнаныя самалёты нанеслі ўдар па мячэці ў правінцыі Алепа, пазбавіўшы жыцця 42 чалавекі, у асноўным мірных жыхароў", - заявіў кіраўнік размешчанага ў Лондане маніторынгавага цэнтра Рамі Абдэль Рахман.
Віну за гібель мірных жыхароў ускладаюць на амерыканскія сілы, якія, як пацвердзіла Цэнтральнае камандаванне ўзброеных сіл ЗША, сапраўды правялі авіяўдар у гэтым раёне, але не па мячэці, а па месцы збору боевікоў "Аль-Каіды", забіўшы ў ходзе авіяналёту некалькі з іх.
Прадстаўнік Цэнтральнага камандавання палкоўнік Джон Томас сказаў, што будынак, які падпаў пад авіяналёт амерыканскіх сіл, знаходзіўся за 15 км ад мячэці і што пасля завяршэння ўдару мячэць усё яшчэ стаяла. Цяпер у ЗША правяраюць інфармацыю аб гібелі мірных жыхароў.-0-