Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
03 лістапада 2017, 13:56

У жаночай зборнай Беларусі па тэнісе перад матчам з ЗША добрая ўнутраная атмасфера - Жарко

3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У жаночай зборнай Беларусі па тэнісе напярэдадні фінальнага матчу Кубка Федэрацыі з камандай ЗША добрая ўнутраная атмасфера. Такое меркаванне выказаў намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко, які наведаў трэніроўку ігракоў у "Чыжоўка-Арэне", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінспорту.

Васіль Жарко даведаўся ў галоўнага трэнера нацыянальнай каманды Беларусі па тэнісе Уладзіміра Валчкова і капітана жаночай каманды Эдуарда Дуброва аб ходзе падрыхтоўкі да маючага адбыцца матчу з ЗША, які пройдзе 11-12 лістапада. Трэнеры звярнулі ўвагу на зладжаную работу ўсёй каманды. "Дзяўчаты трэніруюцца з вялікай самааддачай, выдатна разумеючы, што фінальная сустрэча - гэта асаблівая гісторыя, дзе трэба не баяцца сапернікаў, а гуляць так, як могуць: мэтанакіравана і з азартам", - адзначылі ў трэнерскім штабе.

"Мне падабаецца, што ў камандзе вельмі добрая ўнутраная атмасфера. З дзяўчатамі працуюць прафесіяналы, у чыёй кампетэнцыі няма сумненняў. Упэўнены, на фінальным матчы кожны праявіць свае лепшыя якасці, а гледачы забяспечаць вялікую падтрымку, якая надасць дадатковую ўпэўненасць", - адзначыў Васіль Жарко.

Міністр спорту і турызму Аляксандра Шамко, генеральны сакратар Беларускай федэрацыі тэніса Антон Юспа далажылі віцэ-прэм'еру аб ходзе выканання плана мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай і правядзеннем фіналу Кубка Федэрацыі.

У сустрэчы са зборнай па тэнісе ў "Чыжоўка-Арэне" прынялі таксама ўдзел намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Баравуля, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Юркевіч, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе Аляксандр Гагіеў.

Фінальны матч Кубка Федэрацыі Беларусь - ЗША адбудзецца 11-12 лістапада ў сталічным шматфункцыянальным культурна-спартыўным забаўляльным комплексе "Чыжоўка-Арэна".

Капітан беларускай дружыны Эдуард Дуброў разлічвае на ўдалую гульню Арыны Сабаленка (адзіночны рэйтынг - 78; парны рэйтынг - 442), Аляксандры Сасновіч (87), Веры Лапко (130; 103) і Лідзіі Марозавай (477; 69).

У суботу, 11 лістапада, адбудуцца два адзіночныя паядынкі, 12 лістапада пройдуць яшчэ дзве адзіночныя гульні і парны матч. Да гэтага тэнісныя зборныя Беларусі і ЗША ў Кубку Федэрацыі сустракаліся паміж сабой толькі аднойчы: у лютым 2012 года амерыканкі перамаглі на сваёй арэне з лікам 5:0. Зборная Беларусі ўпершыню прабілася ў фінал, а каманда ЗША 17 разоў станавілася пераможцай Кубка Федэрацыі. У гэтым сезоне беларускія тэнісісткі па чарзе перамаглі ў Мінску саперніц з Нідэрландаў (4:1) і Швейцарыі (3:2), а амерыканкі таксама дома абыгралі зборныя Германіі (4:0) і Чэхіі (3:2). Цяпер у камандным рэйтынгу жаночых зборных Беларусь займае другую пазіцыю, ЗША знаходзіцца на трэцім месцы, а наперадзе каманда Чэхіі.-0-

Фота Міністэрства спорту і турызму.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі