Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
27 чэрвеня 2016, 14:53

У НАК прэзентавалі форму беларускіх алімпійцаў

27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку прэзентавалі сёння ў Нацыянальным алімпійскім камітэце парадную і спартыўную форму для беларускай спартыўнай дэлегацыі на XXXI летніх Алімпійскіх гульнях-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пры выбары параднай экіпіроўкі былі разгледжаны прапановы беларускіх дызайнераў Івана Айплатава і Юліі Латушкінай. Іван Айплатаў распрацаваў калекцыю сумесна з прадпрыемствамі канцэрна "Беллегпрам". Аддзелка касцюмаў і элементы традыцыйнай вышыўкі падкрэсліваюць нацыянальную прыналежнасць.

Першая калекцыя Юліі Латушкінай называецца "Беларусь сінявокая. Васількі". Сіні колер сімвалізуе нацыянальныя багацці краіны - рэкі і азёры. На форме выкарыстаны арнамент, у аснове якога - стылізаваны васілёк.

Па выніках апытання спартсменаў і трэнераў перавага была аддадзена другой калекцыі Юліі Латушкінай "Беларусь спартыўная. Сіла перамог". Пры стварэнні адзення, якое выканана ў чырвоным, шэрым і белым колерах, таксама выкарыстаны нацыянальныя матывы, арнамент з васілька.

Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі ўсе тры калекцыі знаходзяцца ў свабодным продажы ў беларускіх магазінах.

Калекцыя спартыўнай экіпіроўкі створана кампаніяй "Аўдзімас" і адшыта з выкарыстаннем беларускіх магутнасцей на прадпрыемстве ў Лідзе. У калекцыі прысутнічаюць графічныя матывы нацыянальнага арнаменту, які пераплецены з вясёлымі і энергічнымі рытмамі Рыа. Выкарыстаныя пры стварэнні адзення сучасныя матэрыялы і тэхналогіі ў поўнай меры ўлічваюць пажаданні і водзывы спартсменаў, а таксама кліматычныя асаблівасці Бразіліі. Эрганамічны абутак для спартсменаў вырашана было падабраць з новай калекцыі Асікс.

Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў якасць калекцый, пацвердзілі надзейнасць і зручнасць адзення беларускія спартсмены.

У час размовы з беларускімі дызайнерамі Іванам Айплатавым і Юліяй Латушкінай Прэзідэнт адзначыў, што кожная іх калекцыя па-свойму прыгожая. "Гэта форма павінна быць у свабодным продажы, каб кожны чалавек, калі ў яго ёсць жаданне, мог купіць яе і тым самым далучыцца да Рыа і спорту ў цэлым", - сказаў беларускі лідар.

Размаўляючы са старшынёй канцэрна "Беллегпрам" Мікалаем Яфімчыкам, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прадпрыемствы канцэрна павінны супрацоўнічаць з беларускімі дызайнерамі, каб выпускаць прадукт, які будзе запатрабаваны ў народа.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі