Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
06 снежня 2016, 16:04

Сяргей Карніленка вызначыўся трэці раз запар у матчах футбольнага чэмпіянату Расіі

6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі форвард самарскіх "Крылаў Саветаў" Сяргей Карніленка ў трэцім матчы запар футбольнага чэмпіянату Расіі паразіў вароты сапернікаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Свой пяты гол у цяперашнім першынстве беларус забіў у гасцявым паядынку "крылаў" супраць "Краснадара". Госці прапусцілі мяч у дэбюце другога тайма пасля ўдару лепшага бамбардзіра прэм'ер-лігі Фёдара Смолава, для якога гэта ўжо 10-ы гол у сезоне. Самарцы адказалі небяспечнымі контратакамі, і на 71-й мінуце Сяргей Карніленка ўстанавіў канчатковы рэзультат - 1:1. Пасля таго, як у пачатку лістапада "Крылы Саветаў" узначаліў беларускі трэнер Вадзім Скрыпчанка, каманда правяла 5 сустрэч, атрымаўшы дзве перамогі, двойчы згуляўшы ўнічыю і прайграўшы толькі аднойчы. Да гэтага самарцы ў 12 матчах набралі ўсяго 7 ачкоў і займалі апошняе, 16-е месца ў турнірнай табліцы, а цяпер падняліся на 12-ю пазіцыю.

Лідар расійскага чэмпіянату маскоўскі "Спартак" пасля разгромнага паражэння ў Самары (0:4) у 16-м туры на гэты раз здолеў рэабілітавацца і перамог у сябе дома казанскі "Рубін" з лікам 2:1. Піцерскі "Зеніт", які ідзе другім, згуляў унічыю ў "Растове" - 0:0. Яшчэ адзін з фаварытаў маскоўскі ЦСКА пасля серыі невыразных гульняў дабіўся вялікай перамогі на сваім полі над "Уралам" з Екацярынбурга - 4:0. Расійскія СМІ прадаўжаюць сцвярджаць, што ў хуткім часе армейцаў пакіне Леанід Слуцкі, замест якога галоўным трэнерам будзе назначаны беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка. Пад кіраўніцтвам Ганчарэнкі футбалісты "Уфы" нядрэнна прайшлі асенне-зімовы адрэзак расійскага чэмпіянату, заняўшы месца ў "залатой" сярэдзіне. У 17-м туры ўфімцы перамаглі ў сябе дома томскую "Томь" з мінімальным лікам 1:0.

Тамічы апусціліся на апошняе месца, а на 15-ы радок падняўся тульскі "Арсенал", які перамог на сваім полі махачкалінскі "Анжы" - 1:0. Ніяк не могуць наладзіць справы футбалісты "Арэнбурга", якія прайгралі на выездзе пермскаму "Амкару" - 0:3. З добрым настроем пайшоў на зімовыя канікулы маскоўскі "Лакаматыў", які перайграў гасцей з грозненскага "Церэка" з лікам 2:0.

Турнірнае становішча пасля 17 тураў:

1. "Спартак" - 40 ачкоў (розніца мячоў - 26-13),

2. "Зеніт" - 35 (33-13),

3. ЦСКА - 32 (21-11),

4. "Церэк" - 28 (21-21),

5. "Краснадар" - 28 (24-14),

6. "Амкар" - 27 (16-12),

7. "Растоў" - 25 (19-12),

8. "Уфа" - 25 (12-13),

9. "Рубін" - 23 (20-19),

10. "Лакаматыў" - 23 (21-13),

11. "Анжы" - 20 (13-18),

12. "Крылы Саветаў" - 15 (17-20),

13. "Урал" - 14 (11-25),

14. "Арэнбург" - 12 (11-21),

15. "Арсенал" - 12 (6-23),

16. "Томь" - 9 (8-31).

Матчы чэмпіянату Расіі зноў пачнуцца ў пачатку сакавіка 2017 года. Цэнтральнымі паядынкамі 18-га тура стануць сустрэчы ЦСКА - "Зеніт" і "Краснадар" - "Спартак".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі