Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
17 лістапада 2017, 13:20

Пры рэканструкцыі "Дынама" ўлічваецца гістарычная значнасць аб'екта - "Мінскпраект"

17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У ходзе рэканструкцыі стадыёна "Дынама" ўлічваецца гістарычная значнасць аб'екта. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА заявіў начальнік тэхнічнага аддзела, выконваючы абавязкі галоўнага інжынера ўнітарнага прадпрыемства "Мінскпраект" Пётр Знак.

Па меры завяршэння рэканструкцыі стадыёна балельшчыкаў цікавіць, як будзе выглядаць гэта ўнікальнае спартыўнае збудаванне. Асаблівую ўвагу выклікае дах, які ўстанаўліваецца на "Дынама". Наколькі паспяхова ідзе рэалізацыя праекта па ўкрыцці трыбун, расказаў прадстаўнік прадпрыемства.

Як адзначыў спецыяліст, пры праектаванні пошук рашэнняў адносна даху "Дынама" быў доўгім, усё дасканала ўзважвалі і падлічвалі. "У ходзе рэканструкцыі "Дынама" ўлічваецца гістарычная значнасць аб'екта. Наяўнасць даху на абноўленым стадыёне прадыктавана патрабаваннямі ФІФА і УЕФА. У Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі такіх патрабаванняў няма, але пры гэтым у тэхрэгламенце не прапісана, якой формы павінен быць казырок і які працэнт глядацкіх месц павінен накрываць. Асаблівай увагі патрабуе і натуральны газон стадыёна "Дынама", якому неабходна асвятленне сонечным святлом, каб з травой не ўзнікла праблем у будучым. У пачатку праектавання выказваліся прапановы зрабіць рассоўны дах, але гэта не ўкладвалася ў рамкі бюджэту. Таму прынялі рашэнне ўстанавіць перакрыцце, якое на 70 працэнтаў укрывала б гледачоў ад ападкаў. Асаблівую занепакоенасць выклікалі гістарычныя сцены (аркада) стадыёна "Дынама", пасля даследавання якіх стала зразумела, што зрабіць дах большым па плошчы над стадыёнам не ўдасца. Трыбуны на нашым стадыёне размешчаны ў два ярусы, нарошчванне ў тры і больш эканамічна немэтазгодна, а з улікам захавання першапачатковага аблічча гістарычнай сцены немагчыма. Калі б мы праектавалі стадыён на адкрытай новай пляцоўцы, то, вядома, зыходзілі б з зусім іншых умоў. У гэтым выпадку даводзілася ўлічваць многія фактары, у першую чаргу захаваць гістарычнае аблічча спартыўнага збудавання", - расказаў Пётр Знак.

Прадстаўнік "Мінскпраекта" звярнуў увагу на штучнае асвятленне ядра стадыёна. "На стадыёне "Дынама" над дахам будуць устаноўлены асвятляльныя мачты даўжынёй 65 м для раўнамернага асвятлення ўсяго ядра стадыёна ў цёмны час сутак, - адзначыў Пётр Знак. - Аб'ект яшчэ будуецца. Пасля завяршэння работ камфортна на стадыёне будзе ўсім".

Рэканструкцыю стадыёна "Дынама" ў Мінску плануецца завяршыць у чэрвені 2018 года. Летам наступнага года тут плануецца правесці першыя спаборніцтвы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі