Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
01 сакавіка 2018, 17:19

Перад сустрэчай Кубка ЕГФ гандбалісты мінскага СКА перамаглі "Кронан" у чэмпіянаце Беларусі

1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гандбалісты мінскага СКА перамаглі гродзенскі "Кронан" у заключным матчы першага этапу чэмпіянату Беларусі і адстаюць ад лідзіруючага БГК імя Мяшкова ўсяго на адзін бал, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сустрэча ў Гродне не стала для мінчан лёгкай прагулкай. Першы тайм армейцы выйгралі з перавагай усяго два галы, а пасля перапынку павялічылі сваю перавагу да пяці мячоў - 37:32 (17:15).

Пасля першага этапу нацыянальнага першынства, у якім каманды правялі па 20 матчаў, барацьбу за ўзнагароды прадоўжаць чатыры лепшыя клубы: БГК (36 ачкоў), СКА (35), "Гомель" (19), "Машэка" (14). Ім трэба будзе правесці чатырохкругавы турнір, прычым два галоўныя фаварыты - СКА і БГК - адкрыюць другі этап 10 сакавіка вочнай сустрэчай у мінскім палацы спорту "Уручча".

Там жа 3 сакавіка гандбалістам СКА трэба будзе правесці важны матч групавога этапу розыгрышу Кубка ЕГФ супраць дацкага "Б'ерынгбра". Гэта будзе стартавы паядынак першага круга спаборніцтваў у групе А. На фінішы першай палавіны турнірнай дыстанцыі падапечныя Ігара Папругі ўступілі дацкаму клубу ў Сількеборгу з лікам 30:32. Да гэтага віцэ-чэмпіёны Беларусі прайгралі ў сябе дома нямецкаму "Магдэбургу" - 31:33, а затым згулялі ўнічыю са славацкім "Татранам" - 25:25. Што датычыцца дацкага клуба, то ён у першым туры ўпэўнена перамог на сваёй арэне славакаў - 27:19, пасля чаго на выездзе быў слабейшы за прадстаўніка нямецкай бундэслігі - 26:33.

Становішча каманд перад пачаткам другога круга спаборніцтваў: "Магдэбург" - 6 ачкоў, "Б'ерынгбра" - 4, СКА - 1, "Татран" - 1.

Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова, які выступае ў галоўным кантынентальным турніры - Лізе чэмпіёнаў, у гэту суботу завершыць выступленне ў групе В сустрэчай з польскім "Вівэ" ў Кельцы. Брастаўчане за два туры да фінішу групавога этапу забяспечылі сабе выхад у плэй-оф, заняўшы 6-е месца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі