Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
06 сакавіка 2018, 12:13

Новы міністр спорту гатоў выканаць няпростыя задачы - Жарко

6 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новы міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук гатоў выканаць няпростыя задачы. Такое меркаванне выказаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Жарко, прадстаўляючы сёння калектыву Мінспорту новага кіраўніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ведамства.

Віцэ-прэм'ер ахарактарызаваў міністра як чалавека адказнага, пунктуальнага і прыстойнага. "Сяргей Міхайлавіч здольны і гатовы выканаць ускладзеныя на яго няпростыя задачы, а памочнікамі ў яго будзеце ўсе вы. У тым ліку і старшыні федэрацый, кіраўнікі апякунскіх саветаў", - падкрэсліў Васіль Жарко.

Ён таксама адзначыў, што ў краіне вельмі шмат зроблена для развіцця спорту вышэйшых дасягненняў, масавага спорту, па ўсёй рэспубліцы будуюцца новыя аб'екты, але, на жаль, вынікі выступленняў прадстаўнікоў Беларусі на міжнародных спаборніцтвах не заўсёды радуюць.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, новаму міністру трэба будзе ўзварухнуць галіну, забяспечыўшы правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы фізічнай культуры, спорту і турызму, а таксама строгі кантроль за расходаваннем бюджэтных сродкаў. Ключавымі задачамі таксама з'яўляюцца падрыхтоўка спартыўнага рэзерву, работа па прапагандзе здаровага ладу жыцця, развіццё дзіцяча-юнацкага спорту. "Такія спаборніцтвы, як "Снежны снайпер", якія адбыліся напярэдадні, павінны прайсці па ўсіх відах спорту. Спачатку ў рэгіёнах, затым на рэспубліканскім узроўні", - адзначыў Васіль Жарко.

У сваю чаргу Сяргей Кавальчук адзначыў, што згода ўзначаліць спартыўную галіну далася яму няпроста. "Я раіўся з людзьмі, чыё меркаванне мне важна, якія з'яўляюцца для мяне аўтарытэтнымі і глыбока паважанымі. Пастараюся разам з вамі, з тымі, хто добрасумленна працуе на карысць айчыннага спорту, якасна выканаць задачы, якія стаяць перад міністэрствам", - сказаў ён.

Міністр таксама адзначыў, што хоць і не з'яўляецца прафесійным атлетам, але спортам займаецца ўсё свядомае жыццё. Асабліва любіць валейбол, футбол, лыжныя гонкі, настольны тэніс.

Паводле яго слоў, 33 гады ён прысвяціў службе ва Узброеных Сілах, дзе нагрузка не меншая, а часта і большая, чым у спорце. "Прад'яўляю высокія, строгія патрабаванні да самога сябе, але такія ж патрабаванні будуць і да ўсіх, хто працуе побач. Выпадковых людзей у Мінспорце не будзе. Мне спатрэбіцца час, каб ва ўсім дасканала разабрацца, але абапірацца буду на прафесіяналаў, людзей кампетэнтных, дасведчаных", - падкрэсліў Сяргей Кавальчук.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі