Сцяг Чацвер, 2 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
27 студзеня 2016, 16:28

Мемарыяльная дошка Валянціну Бялькевічу ўстаноўлена ў Мінску

27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мемарыяльная дошка Валянціну Бялькевічу сёння ўстаноўлена ў Мінску па адрасе вуліца Энгельса, 34, дзе жыў гэты вядомы беларускі футбаліст, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння Валянціну Бялькевічу споўнілася б 43 гады, але ён пайшоў з жыцця 1 жніўня 2014 года. Футболам ён пачаў займацца недалёка ад дома - на стадыёне "Дынама" ў дзіцяча-юнацкай школе праслаўленага сталічнага клуба. Першы трэнер Міхаіл Братчэня разгледзеў талент тэхнічнага паўабаронцы, які ў 1991 годзе дэбютаваў у мінскім "Дынама" ў 1/16 фіналу розыгрышу Кубка Савецкага Саюза. У складзе мінчан Бялькевіч стаў пяціразовым чэмпіёнам і двухразовым уладальнікам Кубка Беларусі. У 1996 годзе Валянцін Бялькевіч перайшоў у лепшы клуб Украіны - кіеўскае "Дынама", дзе адразу стаў адным з лідараў, потым быў капітанам каманды. Разам з кіеўскімі дынамаўцамі Валянцін Бялькевіч 8 разоў заваёўваў золата ўкраінскага чэмпіянату і 7 разоў Кубак краіны. У 1999 годзе гуляў за кіеўскае "Дынама" ў паўфінале самага прэстыжнага клубнага турніру Старога Свету - Лізе чэмпіёнаў.

У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі Валянцін Бялькевіч правёў 56 матчаў, забіўшы 10 мячоў. Гульнявую кар'еру ён завяршыў у 2009 годзе ў бакінскім "Інтэры", пасля чаго працаваў у трэнерскіх штабах маладзёжных каманд кіеўскага "Дынама". Валянцін Бялькевіч не раз прызнаваўся лепшым футбалістам Беларусі і чэмпіянату Украіны.

У цырымоніі прынялі ўдзел сваякі і сябры Валянціна Белькевіча, прадстаўнікі Мінгарвыканкама, Міністэрства спорту і турызму, асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола", ветэраны і балельшчыкі ФК "Дынама-Мінск" і іншых беларускіх футбольных клубаў. У пятніцу, 29 студзеня, у мінскім футбольным манежы адбудзецца матч памяці, у якім на поле выйдуць каманды ветэранаў кіеўскага "Дынама" і сяброў Валянціна Бялькевіча.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі