Сцяг Нядзеля, 28 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
31 мая 2017, 17:24

Юлія Несцярэнка плануе стаць дзіцячым трэнерам

31 мая, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Юлія Несцярэнка плануе стаць дзіцячым трэнерам. Аб гэтым алімпійская чэмпіёнка паведаміла журналістам перад цырымоніяй развітання са спартыўнай кар'ерай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вельмі хвалюючы для мяне дзень. Я расстаюся з прафесійным спортам са спакойнай душой. Настаў той час, калі спартсмен ува мне супакоіўся, і я закрываю гэтыя дзверы і адкрываю новыя. У маіх планах служыць і працаваць на карысць беларускага спорту", - адзначыла Юлія Несцярэнка.

Яна прызналася, што ў будучым хоча быць дзіцячым трэнерам. "Наведваючы мерапрыемствы, калі я была спартсменам, сапраўды была рада падзяліцца сваімі ведамі і вопытам з дзецьмі. Я хацела б гэтым займацца", - расказала алімпійская чэмпіёнка. Паводле яе слоў, каб падрыхтаваць паспяховага спартсмена, павінны сысціся шмат складнікаў. "У дзіцяці павінен быць характар пераможцы, мэтанакіраванасць, трэба любіць сваю справу, важна падтрымка на ўсіх узроўнях. Трэба разумець, што ў школах павінен быць не набор, а адбор. Неабходна мэтанакіравана выяўляць таленавітых дзяцей і весці іх. Трэба над гэтым працаваць", - лічыць яна.

Сёння на тэрыторыі спарткомплексу "Брэсцкі" стартавалі Кубак Беларусі па лёгкай атлетыцы і чэмпіянат па кіданнях. На адкрыцці спаборніцтва адбылася цырымонія развітання з Юліяй Несцярэнка. З кар'ерай прафесійнага спартсмена алімпійская чэмпіёнка Гульняў-2004 у Афінах развіталася, прыняўшы ўдзел у сімвалічным забегу на 100 м - яе кароннай дыстанцыі. Кампанію на дарожцы легендарнай "Белай маланцы" склалі брэсцкія бягухі-пачаткоўцы.

"Тая алімпійская перамога дала стымул многім спартсменам. Яны паверылі ў сябе, што можна трэніравацца ў нас і заваёўваць самыя высокія ўзнагароды. Цяпер ёсць дзяўчаты-спрынтары, якія паказваюць даволі высокія рэзультаты", - падкрэсліла Юлія Несцярэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі