Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
03 жніўня 2017, 16:40

Як беларускія грацыі рыхтуюцца да дамашняга этапу Кубка свету па мастацкай гімнастыцы

Беларускія спартсменкі трэніруюцца да этапу Кубка свету па мастацкай гімнастыцы BSB Bank "чэлендж", які стартуе ў Мінску 4 жніўня. На ім восем нашых спартсменак выступяць мацнейшым складам. Узначальвае нацыянальную каманду фіналіст Алімпійскіх гульняў-2016 Кацярына Галкіна, "наступае на пяткі" лідару зборнай бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы-2017 Аліна Гарнасько. Як праходзіць падрыхтоўка да спаборніцтваў, даведаўся карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння ў спартыўна-забаўляльным комплексе Club Falcon нацыянальная зборная адпрацавала будучую праграму. "Дыяганаль. Па прамой. Спіну раўней. Яшчэ раз", - парушыў цішыню ў зале голас трэнера. Вельмі складаныя рухі спартсменак з булавамі, мячом, стужкамі і абручом здаюцца неверагодна простымі, але першае ўражанне падманлівае. За прыгожым выступленнем - траўмы і гадзіны бесперапынных трэніровак.

"У мяне ўсе пытаюць пра планы на Алімпіяду-2020, а я не магу загадваць на будучыню, гэта спорт, дзе можа адбыцца ўсё, што заўгодна, усе спартсмены імкнуцца перамагаць. Добра, што ў камандзе вельмі цёплая і дружалюбная атмасфера, мне вельмі дапамагае Кацярына Галкіна, на якую я раўняюся", - адзначыла Аліна Гарнасько.

Разам з беларускімі спартсменкамі на суседніх дыванах трэніруюцца каманды Балгарыі, Японіі і Фінляндыі.

За трэніроўкай грацый назірае падрастаючае пакаленне маленькіх гімнастак, якія прыцягваюцца да спаборніцтваў у якасці валанцёраў. "Нам вельмі падабаецца глядзець за вядучымі спартсменкамі нашай зборнай і свету", - наперабой дзеляцца ўражаннямі дзяўчынкі. І дадаюць, што хоць і раўняюцца на лідараў беларускай зборнай Кацярыну Галкіну і Аліну Гарнасько, але абавязкова хочуць перасягнуць іх дасягненні.

"Мы паспяхова спраўляемся са зменай пакаленняў. Заўсёды працуем на тое, каб быў рэзерв. Да дамашняга этапу Кубка свету па мастацкай гімнастыцы "чэлендж" падрыхтаваліся максімальна. Беларусь з'яўляецца топ-камандай у свеце, нашы дзяўчаты гатовы на многае", - расказала член выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі вядомая гімнастка Любоў Чаркашына. Паводле яе слоў, спаборніцтвы такога ўзроўню пазітыўна ўплываюць на прэстыж краіны: да нас прыязджаюць мацнейшыя гімнасткі з усяго свету, таксама гэта выдатны вопыт у арганізацыі і правядзенні такіх мерапрыемстваў.

"Узровень беларускай гімнастыкі прадаўжае расці, праўда, у першы год пасля Алімпійскіх гульняў цяжка нешта гаварыць. Як правіла, пасля галоўнай падзеі чатырохгоддзя выстрэльваюць новыя маладыя спартсмены, якія складаюць дастойную канкурэнцыю лідарам сваіх зборных. Цяпер гімнастыка больш накіравана на работу з прадметамі. Гэта відовішчна і цікава", - дадала Любоў Чаркашына.

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская ў час прэс-канферэнцыі абяцала, што маючы адбыцца турнір стане святам спорту. Паколькі паўдзельнічаць у спаборніцтвах прыехалі высакакласныя спартсмены з 24 краін. Цяпер выступае маладое пакаленне, якое рыхтуецца да Алімпіяды 2020 года ў Токіа. Ірына Ляпарская дадала, што ў перыяд спаборніцтваў Беларусь плануе наведаць прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі (FIG) Марынары Ватанабэ.

Для вядучых прадстаўнікоў мастацкай гімнастыкі этап Кубка свету BSB Bank "чэлендж" у Мінску стане фінальнай падрыхтоўкай да чэмпіянату свету ў італьянскім Пезара. Гэтыя спаборніцтвы - ужо добрая традыцыя для беларускай сталіцы, у гледачоў яны карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Нездарма мастацкая гімнастыка лічыцца самым прыгожым відам спорту. Што ж, пажадаем спартсменкам удачы, а нам застаецца глядзець і падтрымліваць нашых грацый.

Аляксандр ЖЫБУЛЬ,

фота Раміля НАСІБУЛІНА,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі