Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
30 кастрычніка 2017, 14:18

Хакеісты мінскага "Дынама" завяршылі перамогай у Рызе выязную серыю матчаў

30 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Дынама" завяршылі перамогай з лікам 2:1 у дадатковы час над рыжскім "Дынама" выязную серыю з чатырох матчаў у чэмпіянаце КХЛ, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Кожная сустрэча паміж дынамаўцамі Мінска і Рыгі з'яўляецца прынцыповай. Не стала выключэннем і праведзеная ў сталіцы Латвіі. Гаспадары пляцоўкі замыкаюць турнірную табліцу Заходняй канферэнцыі і не супраць былі папоўніць сваю скарбонку ачкамі. "Зубрам" пасля трох паражэнняў запар таксама хацелася паказаць больш змястоўную гульню.

"Дынама-Рыга" - "Дынама-Мінск" - 1:2 (0:0, 1:1, 0:0, 0:1)

Рыга. "Арэна-Рыга". 8016 гледачоў.

"Дынама-Рыга": Калніньш (Армаліс); Салмела - Галвіньш, Індрашыс (к) - Макмілан - Крысто; Сталеры - К.Рэдліхс, Жэрдзеў - Мея - Чыстоў; Алішаўскас - Зіле, М.Рэдліхс - Бічэўскіс - Ліпсбергс; Кулда - Паўлаў - Скварцоўс; Балінскіс, Гегерыс.

"Дынама-Мінск": Энрат (Карнавухаў); Граньяні - Дзянісаў (к), Скіле - Хаўдэн - Фантэйн; Корабаў - Шынкевіч, Лінгле - Кітараў - Паўловіч; Хенкель - Знахарэнка, Дрозд - Волкаў - Мацярухін; Кулакоў - Шаранговіч - Сцяпанаў; Дзюкаў, Буйніцкі.

Шайбы: 0:1 - Корабаў (Лінгле, Кітараў, 24.02). 1:1 - Бічэўскіс (Салмела, М.Рэдліхс, 31.53). 1:2 - Фантэйн (60.20).

Кідкі: 15 -32.

Штраф: 18 -8.

Першыя дваццаць мінут сустрэчы прайшлі пад дыктоўку рыжан. Госці часта выдаляліся і дазвалялі латвійскім хакеістам часцей пагражаць варотам Юнаса Энрата. У адным з эпізодаў дынамаўцы і наогул засталіся ўтрох супраць пяцёркі апанентаў. Падапечным Гордзі Дуаера ўдалося выстаяць у гэты складаны момант.

Значна часцей мінчане сталі кідаць па варотах гаспадароў пляцоўкі пасля перапынку. Абедзве каманды не вельмі ўдачна дзейнічалі ў абароне, часта гублялі шайбу. У адным з такіх эпізодаў на 25-й мінуце Шарль Лінгле пазмагаўся ў зоне рыжан з двума абаронцамі, перахапіўшы шайбу, якая пасля серыі рыкашэтаў адскочыла да Дзмітрыя Корабава. Абаронца беларускай каманды быў дакладным - 1:0. Ледзь не першы небяспечны момант каля варот мінчан таксама завяршыўся ўзяццем варот. Абаронцы "Дынама" не змаглі вывесці шайбу са сваёй зоны, у выніку Ансі Салмела зрабіў дакладную перадачу на пятачок варот гасцей, дзе Марыс Бічэўскіс падставіў клюшку пад шайбу, якая змяніла сваю траекторыю палёту - 1:1.

У трэцім перыядзе два запар выдаленні атрымалі гаспадары пляцоўкі. Добры шанц вывесці мінчан наперад быў у Куінтана Хаўдэна, але яго кідок з блізкай дыстанцыі парыраваў галкіпер. Вырашальная шайба была закінута ў авертайме. Дакладны кідок у "дзявятку" варот праз дваццаць секунд пасля ўкідвання ў цэнтры пляцоўкі ў актыве Джасціна Фантэйна.

Хакеісты мінскага "Дынама" завяршылі выязную серыю матчаў і 31 кастрычніка згуляюць на сваёй пляцоўцы з маскоўскім "Спартаком". Пачатак паядынку ў 19.30.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі