Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
06 кастрычніка 2017, 12:15

Футбольныя зборныя Германіі і Англіі заваявалі пуцёўкі ў фінальную частку ЧС-2018

6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Следам за футбалістамі Бельгіі пуцёўкі ў фінальную стадыю чэмпіянату свету 2018 года ў Расіі за тур да сканчэння кваліфікацыйнага раўнда заваявалі зборныя Германіі і Англіі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Дзеючыя чэмпіёны планеты нямецкія футбалісты ў 9-м туры атрымалі дзявятую вікторыю, упэўнена перайграўшы ў Белфасце каманду Паўночнай Ірландыі 3:1, і забяспечылі сабе першае месца ў групе С. Паўночнаірландцы зоймуць другую падагульняючую пазіцыю і будуць змагацца за білеты ў Расію-2018 у стыкавых гульнях. Госці перамаглі яшчэ ў двух матчах гэтай групы: нарвежцы разграмілі Сан-Марына - 8:0, чэхі ў Баку ўзялі верх над азербайджанцамі - 2:1. Турнірнае становішча перад заключным турам: Германія - 27 ачкоў (розніца мячоў - 38-3), Паўночная Ірландыя - 19 (17-5), Чэхія - 12 (12-10), Нарвегія - 10 (16-16), Азербайджан - 10 (9-14), Сан-Марына - 0 (2-46).

Англічане, якія выступаюць у групе F, з цяжкасцю адолелі на полі лонданскага стадыёна "Уэмблі" славенцаў 1:0. Пераможны гол забіў капітан англійскай дружыны Хары Кейн, які вызначыўся на 4-й кампенсаванай мінуце другой палавіны гульні. У Глазга шатландцы з тым жа мінімальным лікам перайгралі славакаў, прычым адзіны гол у самым канцы сустрэчы забіў адзін з лідараў каманды гасцей вельмі вопытны абаронца Марцін Шкртэл. Футбалісты Літвы не змаглі абыграць на выездзе мальтыйцаў, якія завяршылі гульню ўнічыю - 1:1. Турнірнае становішча: Англія - 23 (17-3), Шатландыя - 17 (15-10), Славакія - 15 (14-7), Славенія - 14 (10-5), Літва - 6 (7-19), Мальта - 1 (3-22).

Лідар групы Е зборная Польшчы не мела праблем у Ерэване і перамагла каманду Арменіі з буйным лікам 6:1. Лідар польскай дружыны Роберт Левандоўскі аформіў галявы хет-трык і стаў лепшым бамбардзірам нацыянальнай каманды за ўсю гісторыю, забіўшы 50 мячоў у 50 праведзеных сустрэчах. Ён жа з 15 галамі ўзначальвае спіс лепшых снайпераў еўрапейскай кваліфікацыі. У іншых гульнях гэтай групы датчане атрымалі важную гасцявую перамогу над чарнагорцамі 1:0 і падняліся на другое месца, футбалісты Румыніі ў сябе дома нанеслі паражэнне казахстанцам з лікам 3:1. Турнірнае становішча: Польшча - 22 (24-12), Данія - 19 (19-7), Чарнагорыя - 16 (18-8), Румынія - 12 (11-9), Арменія - 6 (9-25), Казахстан - 2 (2-25).

Зборная Беларусі свой перадапошні паядынак у кваліфікацыйнай групе А правядзе ў суботу, 7 кастрычніка, на полі "Барысаў-Арэны" супраць каманды Нідэрландаў. Для падапечных Ігара Крывушэнкі гэта сустрэча не мае турнірнага значэння, а вось галандцам перамога вельмі патрэбна, бо яны працягваюць барацьбу за выхад у фінал сусветнага першынства. Таксама 7 кастрычніка лідар групы зборная Францыі згуляе ў Сафіі супраць Балгарыі, а шведы прымуць на сваім полі футбалістаў Люксембурга. Турнірнае становішча пасля 8 тураў: Францыя - 17 (15-5), Швецыя - 16 (18-7), Нідэрланды - 13 (16-11), Балгарыя - 12 (13-17), Люксембург - 5 (7-17), Беларусь - 5 (4-16).

Прамыя пуцёўкі ў фінальную стадыю ЧС-2018 ад Еўропы атрымаюць пераможцы 9 адборачных груп па выніках двухкругавых турніраў (дома і ў гасцях). Яшчэ 4 пропускі ў стыкавых паядынках разыграюць 8 лепшых каманд сярод заняўшых другія месцы. Стыкавыя матчы пройдуць у лістападзе 2017 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі