Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
06 верасня 2017, 09:35

Футбалісты зборнай Беларусі (U-21) пазбегнулі паражэння ад Чэхіі ў адборы да ЧЕ

6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты маладзёжнай зборнай Беларусі (U-21) пазбегнулі паражэння ад Чэхіі ў выязным адборачным матчы да чэмпіянату Еўропы, зраўнаваўшы лік на апошняй мінуце гульні - 1:1, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Матч адбыўся ў невялікім чэшскім гарадку Ябланец-над-Нісай. Гаспадары поля забілі першымі ўжо на восьмай мінуце. Дакладны ўдар на рахунку Вацлава Чэрны. Чэшскія футбалісты кантралявалі ход гульні, часцей валодалі мячом і небяспечна пагражалі варотам Дзяніса Шчарбіцкага. Аднак на трэцяй дабаўленай мінуце, пры ліку 0:1, беларусы атрымалі права на вуглавы. У штрафную чэхаў прыбег нават варатар, які дакладна прабіў галавой, мяч абаронцы адбілі, а Міхаіл Шыбун устанавіў канчатковы лік - 1:1.

1 верасня падапечныя Людаса Румбуціса ўступілі ў Барысаве Грэцыі - 0:2. У пачатку чэрвеня ў Мінску беларусы з вялікай цяжкасцю абыгралі каманду Сан-Марына - 1:0.

Пасля трох праведзеных матчаў у адборачным цыкле каманда Людаса Румбуціса ў групе 1 размясцілася на другім месцы: Грэцыя - 6 ачкоў (2 гульні), Беларусь - 4 (3), Харватыя - 3 (1), Малдова - 3 (3), Чэхія - 1 (1), Сан-Марына - 0 (2).

У кваліфікацыі Еўра-2019 прымаюць удзел 54 маладзёжныя зборныя, размеркаваныя на 9 адборачных груп, пераможцы якіх атрымаюць прамыя пуцёўкі ў фінальную стадыю. Чатыры лепшыя ўладальнікі другіх месц будуць разбіты на дзве пары і правядуць стыкавыя матчы. Вырашальная стадыя кантынентальнага форуму пройдзе ў Італіі ў чэрвені 2019 года.

Беларусы тройчы прымалі ўдзел у фінальнай стадыі маладзёжных кантынентальных пяршынстваў. У 2004 і 2009 гадах каманда не выходзіла ў плэй-оф, а ў 2011 годзе заняла 3-е месца і заваявала пуцёўку на Алімпіяду-2012 у Лондане.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі