Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
28 чэрвеня 2016, 09:03

Футбалісты Італіі прабіліся ў 1/4 фіналу Еўра-2016, іспанцы склалі чэмпіёнскія паўнамоцтвы

28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На футбольным чэмпіянаце Еўропы ў Францыі 27 чэрвеня праходзілі два апошнія паядынкі за выхад у чвэрцьфінал, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Дзеючыя чэмпіёны Старога Свету іспанцы ў першым тайме матчу 1/8 фіналу з Італіяй былі не падобныя на сябе і практычна не пагражалі варотам Джанлуіджы Буфона. А вось італьянцы дзейнічалі на дзіва хутка і прымусілі галкіпера "чырвонай фурыі" Давіда дэ Хеа паказаць усё сваё майстэрства. Аднак і ён быў вымушаны капітуляваць на 33-й мінуце гульні, калі мяч пасля небяспечнага штрафнога ўдару дабіў у вароты Джорджыа К'еліні. Італьянскія футбалісты яшчэ да перапынку маглі павялічыць сваю перавагу, але мяч у вароты больш не трапіў. У другой палавіне сустрэчы іспанцы пачалі гуляць значна мацней, і ўжо Буфону давялося шматразова выручаць сваю каманду. Усё канчаткова вырашылася ў пачатку кампенсаванага часу другога тайма, калі іспанцы, захапіўшыся атакай, прапусцілі хуткі контрвыпад сапернікаў. Грацыяна Пеле забіў другі гол - 2:0, і Іспанія ўжо не зможа прадоўжыць абарону свайго тытула. На мінулым кантынентальным першынстве ў 2012 годзе іспанцы разграмілі ў вырашальным паядынку італьянцаў - 4:0, а сёння "скуадра адзура" ўзяла рэванш. Цяпер камандзе Антоніа Контэ трэба будзе правесці чвэрцьфінальны паядынак з дзеючымі чэмпіёнамі свету футбалістамі зборнай Германіі. Яшчэ дзве чвэрцьфінальныя пары склалі каманды Уэльса і Польшчы, Бельгіі і Партугаліі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі