Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 мая 2017, 13:12

Футбалісты "Гарадзеі" і "Іслачы" атрымалі валявыя перамогі ў 9-м туры чэмпіянату Беларусі

22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Гарадзея" і "Іслач" атрымалі валявыя перамогі ў матчах 9-га тура чэмпіянату Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Дамашняя сустрэча з жодзінскім "Тарпеда-БелАЗам" пачалася для футбалістаў "Гарадзеі" з двух прапушчаных мячоў ад форварда гасцей Ягора Зубовіча, які вызначыўся на 25-й і 41-й хвілінах гульні. Аднак у другім тайме ўсё рэзка змянілася, і сербскі нападаючы гаспадароў Боян Дубаіч, толькі выйшаўшы на замену, забіў адзін мяч на 62-й хвіліне. Яго пачын праз 20 хвілін падтрымаў Кірыл Паўлючак, а затым Дубаіч забіў пераможны мяч, аформіўшы галявы дубль - 3:2.

З такім жа рэзультатам "Іслач" перамагла ў Мазыры мясцовую "Славію". Дзяніс Трапашка вывеў гаспадароў наперад у сярэдзіне першай палавіны гульні, але яшчэ да перапынку Артур Слабашэвіч і Дзмітрый Асіпенка двойчы паразілі вароты мазыран. На 52-й хвіліне сустрэчы ветэран "Славіі" Алег Страхановіч аднавіў раўнавагу, але на 4-й кампенсаванай хвіліне гульні яго таварыш па камандзе Дзяніс Кавалеўскі адправіў мяч у свае вароты - 2:3.

Рэзультаты астатніх сустрэч 9-га тура: "Шахцёр" (Салігорск) - "Слуцк" - 2:1, БАТЭ (Барысаў) - "Дынама" (Мінск) - 1:0, "Гомель" - "Нафтан" (Наваполацк) - 3:1, "Дынама" (Брэст) - "Віцебск" - 2:0, "Мінск" - "Днепр" (Магілёў) - 0:0, "Нёман" (Гродна) - "Крумкачы" (Мінск) - 2:0.

Становішча ў лідзіруючай групе: "Шахцёр" - 22 ачкі (розніца мячоў - 12-3), БАТЭ - 20 (16-5), "Дынама" (Мінск) - 18 (9-3), "Слуцк" - 17 (12-6), "Нёман" - 17 (12-8).

У наступным туры сустракаюцца:

24 мая

"Дынама" (Мінск) - "Шахцёр", "Днепр" - "Дынама" (Брэст);

26 мая

"Гарадзея" - "Нёман", "Віцебск" - БАТЭ, "Крумкачы" - "Іслач";

27 мая

"Слуцк" - "Славія", "Тарпеда-БелАЗ" - "Гомель", "Нафтан" - "Мінск".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі